BE RU EN

Расейскія авіякампаніі спынілі палёты паловы Airbus neo

  • 21.11.2024, 9:51

Праз праблемы з рамонтам.

У Расеі перастаў лётаць кожны другі самалёт Airbus A320/A321neo: з 66 паветраных суднаў гэтага сямейства, якія знаходзяцца ў распараджэнні расейскіх авіякампаній, у паветра больш не паднімаюцца 34, паведамілі "Коммерсанту" крыніцы ў авіягаліны.

Найбольш складаная сітуацыя склалася ў найбуйнейшай прыватнай авіякампаніі Расеі - S7. У яе прыпаркаваны 31 з 39 самалётаў A320/A321neo узростам ад трох да сямі гадоў. У "Аэрафлота" з дзевяці такіх паветраных суднаў на абслугоўванні знаходзяцца два, а ў "Уральскіх авіяліній" прыпаркаваны адзін самалёт з 11.

Са слоў крыніц "Коммерсанта", прыпыненне палётаў адбылося праз складанасці з абслугоўваннем амерыканскіх рухавікоў Pratt \u0026 Whitney (P \u0026 W) і французскіх Leap. Пры гэтым, як лічаць суразмоўцы выдання, да паловы лайнераў, якія прастойваюць, могуць ужо не вярнуцца да палётаў. Так, рэсурсы рухавікоў больш як у 20 лайнераў у парку S7 фактычна вычарпаныя.

Таксама крыніцы адзначаюць, што P \u0026 W летась адклікаў свае рухавікі, з-за чаго авіякампаніям прыйшлося скарачаць рэйсы, а гэтым летам Airbus рэзала планы паставак новых самалётаў праз нястачу рухавікоў ад гэтай кампаніі і Leap.

Сітуацыя з французскім вытворцам лічыцца "менш крытычнай": яго рухавікі патрабуюць рамонту ў сярэднім кожныя 2-2,5 года, тады як у P \u0026 W - кожныя паўтара года. Пры гэтым тэхніка папярэдняга пакалення магла прапрацаваць без рамонту да пяці-сямі гадоў. Асноўная праблема цяперашніх рухавікоў - далікатныя лапаткі, піша "Коммерсант".

Крыніцы выдання прагназуюць, што праз адсутнасць рамонту ў Расеі самалёты A320/A321neo пачнуць масава выбываць з эксплуатацыі з 2026 года. Некаторыя авіякампаніі запытвалі ў Мінтранса дазвол на вываз лайнераў за мяжу для рамонту, але не атрымалі адказу. Некаторыя суразмоўцы "Коммерсанта" мяркуюць, што гэта наўрад ці б дапамагло - рамонт можна зрабіць толькі ў "непрыязных" краінах, а пастаўкі рухавікоў адсочваюцца, каб яны не патрапілі ў Расею. Іншыя суразмоўцы гавораць, што сітуацыю можна палепшыць, калі пачаць завозіць у краіну дэталі рухавікоў паасобку.

Да вайны ва Украіне авіяпарк расейскіх кампаній налічваў 1 031 самалёт. Амаль дзве траціны флоту складалі паветраныя судны вытворчасці Boeing і Airbus. ЗША, ЕЗ, Вялікабрытанія і іншыя краіны ў рамках санкцый забаранілі экспарт у Расею тавараў і тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыйным і касмічным сектарах. Boeing і Airbus прыпынілі тэхабслугоўванне і падтрымку расейскіх авіякампаній і пастаўкі ім запчастак.

Планы Расеі наладзіць уласную вытворчасць авіяцыйных дэталяў пакуль поспеху не мелі. Паводле прагнозаў Oliver Wyman, да 2026 года расейскі авіяпарк можа скараціцца больш як удвая.

Апошнія навіны