МКС выдаў ордэры на арышт Нетаньяху і Галанта
- 21.11.2024, 15:49
Ордэры маюць грыф “сакрэтна”.
21 лістапада Міжнародны крымінальны суд (МКС) адхіліў скаргі Ізраіля на юрысдыкцыю суда ў сітуацыі ў Палестыне і выдаў ордэры на арышт прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і былога міністра абароны Ёава Галанта.
Пра гэта паведамляе прэс-служба МКС.
Ізраіль падаў дзве скаргі ў верасні гэтага года. Першая тычылася аспрэчвання юрысдыкцыі МКС аб сітуацыі ў Палестыне, другая патрабавала накіраваць новае апавяшчэнне аб адкрыцці расследавання.
Аднак суд прызнаў дзеянні Ізраіля заўчаснымі і адзначыў, што падстаў для перагляду юрысдыкцыі і выдачы новага апавяшчэння няма.
Ордэры на арышт
МКС выдаў ордэры на арышт Нетаньяху і Галанта за "злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, як мяркуецца, учыненыя з кастрычніка 2023 да май 2024 года".
Ордэры маюць грыф "сакрэтна", каб забяспечыць абарону сведкаў і бяспеку расследавання. Аднак інфармацыя аб справах была часткова раскрытая ў "інтарэсах ахвяр".
МКС падкрэсліў, што юрысдыкцыя суда распаўсюджваецца на Сектар Газа, Заходні бераг і Усходні Ерусалім.
Планы МКС аб выдачы ордэра на арышт Нетаньяху выклікалі рэзкую рэакцыю прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які выказаў сваё абурэнне.
У сваю чаргу, спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан папярэдзіў, што ЗША могуць увесці санкцыі супраць МКС, калі пастанова аб арышце ізраільскага прэм'ера будзе прынятая.