Стаўкі іпатэкі ў Расеі да канца года перавысяць 30%
- 21.11.2024, 16:17
Іпатэка як прадукт становіцца ўсё менш маржынальнай для банкаў.
У сярэдзіне лістапада 2024 г. сярэднія базавыя іпатэчныя стаўкі па рынкавых праграмах у Расеі перавысілі 28%, а максімальныя стаўкі па той жа рынкавай іпатэцы ў некаторых банках даходзяць да 43% гадавых. 20 снежня адбудзецца апошняе сёлета пасяджэнне Цэнтрабанка РФ па ключавой стаўцы, і намеснік старшыні ЦБ Аляксей Заботкін не выключыў чарговага павышэння ключавой стаўкі, піша РБК.
Банкі і далей будуць паднімаць стаўкі
На мінулым тыдні «Сбер» і ВТБ паднялі стаўкі па рынкавай іпатэцы - да 28,7% і 29,5%, адпаведна. Астатнія банкі адсоткавыя стаўкі пакуль не павышалі, але апытаныя «РБК-Недвижимостью» аналітыкі мяркуюць, што неўзабаве адсоткі па крэдытах у гэтых банках падцягнуцца да паказчыкаў «Сбера» і ВТБ.
«Ніякага цуду не адбудзецца, усе астатнія банкі, прытрымліваючыся прыкладу лідараў рынку іпатэчнага крэдытавання, паднімуць стаўкі да ўзроўню забаронных або будуць прапаноўваць розныя паслугі (платныя зніжкі, платныя камісіі, аднаразовыя выплаты і г. д.) для памяншэння іпатэчнай стаўкі», — мяркуе намесніца дырэктара Інстытута падатковага мэнэджмэнту і эканомікі нерухомасці НДУ ВШЭ Таццяна Школьная.
«Сбер» і ВТБ з'яўляюцца лідарамі на рынку іпатэчнага крэдытавання. «Імавернасць, што астатнія банкі найбліжэйшым часам рушаць услед іх прыкладу, досыць высокая», – дадае старэйшая дырэктарка Групы рэйтынгаў фінансавых інстытутаў АКРА Ірына Носава.
Падвышэнне ставак найбуйнейшымі банкамі яшчэ больш знізіць даступнасць іпатэкі для насельніцтва і яшчэ больш скароціць попыт на рынкавыя іпатэчныя крэдыты, кажа дырэктарка рэйтынгаў фінансавых інстытутаў рэйтынгавай службы НРА Наталля Багамолава.
Стаўкі па іпатэцы могуць перавысіць 30% ужо ў 2024 годзе
Эксперты, апытаныя «РБК-Недвижимостью», таксама сыходзяцца ў меркаванні, што сярэднія стаўкі па рынкавай іпатэцы выйдуць на новыя максімумы.
Пры гэтым, як мяркуе Таццяна Школьная, асаблівага сэнсу ў яшчэ большым уздыме іпатэчных ставак няма, бо «для пераважнай большасці грамадзян рынкавая іпатэка стала не інструментам, а імітацыяй наяўнасці інструмента паляпшэння жыллёвых умоў». На думку эксперта, мала хто можа абслугоўваць крэдыт на такіх умовах, аднак «нельга выключыць, што банкіры прадоўжаць гуляць у гэтую гульню і намалююць яшчэ большыя лічбы, якія перавысяць 30% гадавых».
У цяперашнія іпатэчныя стаўкі ўжо закладваецца магчымае павышэнне ключавой яшчэ на 1% у снежні. «Калі стаўка вырасце мацней, напрыклад да 23% ці нават 25%, то далейшага прыкметнага росту іпатэчных ставак не пазбегнуць і мы цалкам можам убачыць сярэдні паказчык да канца года, напрыклад, рэкордныя 30%», – прагназуе аналітык ФГ «Фінам» Ігар Дадонаў. З яго слоў, па мінімальных іпатэчных стаўках цяжка рабіць прагнозы, бо яны могуць даволі моцна адрознівацца ад банка да банка і ў залежнасці ад умоў, якія трэба выканаць, каб атрымаць крэдыт з такой стаўкай. «Але пры далейшым павелічэнні ключавой стаўкі яны, хутчэй за ўсё, таксама пойдуць уверх, прычым паскоранымі тэмпамі ў параўнанні з сярэднімі стаўкамі», – кажа Дадонаў.
Стаўкі па іпатэцы будуць падвышацца па меры росту ключавой стаўкі і кошту пасіваў. Іпатэка як прадукт становіцца ўсё менш маржынальнай для банкаў, асабліва ва ўмовах высокага кошту пасіваў на доўгатэрміновых гарызонтах, дадае Наталля Багамолава. Эксперт таксама заўважае, што сярэднія і невялікія банкі ў цяперашніх умовах або наогул адмаўляюцца ад гэтага тыпу крэдытавання, або ўзмацняюць жорсткасць правіл адабрэння крэдытаў.