The Hill: 41% дэмакратаў падтрымалі б паўторную намінацыю Гарыс у 2028-м
- 21.11.2024, 17:01
Іншыя кандыдатуры набралі менш за 10%.
Нягледзячы на паражэнне на выбарах у 2024 годзе, большасць прыхільнікаў дэмакратаў хочуць, каб дзейная віцэ-прэзідэнтка Камала Гарыс была кандыдатам у прэзідэнты ад партыі ў 2028 годзе. Пра гэта сведчаць вынікі апытання кампаніі Puck News/Echelon Insights, якое апублікавала газета The Hill.
41% дэмакратаў падтрымалі б паўторную намінацыю Гарыс. На другім месцы пасля яе з вялікім адрывам апынуўся губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам з падтрымкай 8%, на трэцім - губернатар Пенсільваніі Джош Шапіра з 7%.
Губернатар Мінесоты Цім Уолц, які павінен быў стаць віцэ-прэзідэнтам у выпадку перамогі Гарыс, і міністр транспарту Піт Бутыджыч, які балатаваўся на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, атрымалі па 6%.
Іншыя кандыдатуры сярод прадстаўнікоў Дэмакратычнай партыі набралі менш за 5%. Амаль 16% рэспандэнтаў не ўпэўненыя ў сваім выбары, а 1% удзельнікаў апытання хацелі б бачыць кандыдатам каго-небудзь іншага.
Апытанне праводзілася 14-18 лістапада сярод 1010 магчымых выбарцаў. Хібнасць склала 3,5%.