BE RU EN

Польскі мовазнавец: Беларусы часта адкідаюць словы ідэнтычныя з рускімі і замяняюць іх паланізмамі

  • 21.11.2024, 19:12

Беларусіст Мірослаў Янковяк прапануе актыўна карыстацца беларускімі дыялектамі для ўзбагачэння літаратурнай мовы.

Вядомы польскі беларусіст Мірослаў Янковяк з гэтага навучальнага года выкладае на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, паведамляе «Польскае радыё».

Мірослаў Янковяк апрача выкладчыцкай работы ініцыіраваў стварэнне пры кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта міжнароднай даследчай групы па беларускай дыялекталогіі. Вучоны, аднак, прызнае, што не толькі робіць нешта новае, але і працягвае традыцыі, закладзеныя папярэднікамі.

Сярод польскіх даследчыкаў беларускіх гаворак варта ўспомніць з кафедры беларусістыкі ВУ Антаніну Абрэмбску-Яблоньску, Эльжбету Смулкову, Ніну Баршэўскую. У другой палове ХХ ст. актыўна праводзіліся даследаванні на Падляшшы. Таксама моцным цэнтрам з’яўляўся Інстытут славістыкі Польскай АН.

Мірослаў Янковяк напамінае, што ў беларускай дыялекталогіі назапашаны вялікі масіў даных. Аднак далёка не ўсе беларускія гаворкі вывучаны дасканала і не ўсе ў роўнай меры. Мірослаў Янковяк расказаў падрабязнасці пра будучы склад міжнароднай даследчай групы па беларускай дыялекталогіі.

Сярод членаў групы будуць Ніна Баршчэўская з Варшавы, Ядвіга Казлоўская-Дода з Любліна, Анна Жаброўска з Познані, Катажына Канчэўска і Багуміл Астроўскі з Кракава, Крыстыян Рансэра з Мюнхена (па паходжанні баск з Іспаніі), Курт Вулхайзэр з Бостана, Ураціслаў Карпішак з Прагі і іншыя.

«Асноўная ўвага міжнароднай даследчай групы па беларускай дыялекталогіі будзе засяроджана на беларускіх гаворках у Польшчы, Літве і Латвіі», — анансуе Мірослаў Янковяк.

«Мы не маем магчымасці праводзіць даследаванні ў Беларусі і Расіі».

Мірослаў Янковяк таксама з надзеяй глядзіць у бок Чарнігаўскай вобласці Украіны.

Поўнач Чарнігаўскай вобласці Украіны, дзе адзначаны беларускія гаворкі, слаба даследавана. Я ў свой час слухаў запісы ўкраінскіх калег адтуль: гэта была чыстая беларуская гаворка.

А пакуль што, яшчэ ў сёлетнім верасні, Мірослаў Янковяк пабываў у дыялекталагічнай экспедыцыі ў часткова беларускамоўным Сакольскім павеце Падляшскага ваяводства Польшчы. Мірослаў Янковяк мае многа планаў. А таксама — мары.

Напрыклад, стварэнне партала з данымі па беларускіх дыялектах за межамі Беларусі, у прыватнасці, мультымедыйнага атласа беларускіх гаворак на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі.

Сярод мар — складанне слоўнікаў, дыялекталагічных атласаў. Мірослаў Янковяк лічыць, што гэта дасць багаты матэрыял для ўзбагачэння і беларускай літаратурнай мовы.

Як паляк я заўважыў, што беларусы часта адкідаюць словы ідэнтычныя з рускімі і замяняюць іх паланізмамі. А паміж Польшчай і Расіяй на адлегласці некалькіх соцень кіламетраў функцыянуюць беларускія гаворкі — і на тэрыторыі Беларусі, і за яе граніцамі, якія могуць быць выдатнай крыніцай папаўнення слоўнікавага складу беларускай мовы, каб не ўводзіць русізмы ці паланізмы ў беларускую мову.

Разам з працай на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Мірослаў Янковяк рыхтуе да выдання ў Празе кнігу Gwary białoruskie na Łotwie jako przykład leksykalnego dziedzictwa pogranicza bałtycko-słowiańskiego («Беларускія гаворкі ў Латвіі як прыклад лексічнай спадчыны балта-славянскага памежжа»). Плануецца, што ўжо пра 2-3 тыдні яна будзе аддадзена ў выдавецтва.

Не раней за студзень пачнецца падрыхтоўка да выдання ў Вільні яшчэ адной кнігі польскага беларусіста — Współczesne gwary białoruskie na Litwie. Tom drugi: rejon solecznicki («Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2. Шальчынінкскі (Салечніцкі) раён»).

Апошнія навіны