Дзве партыі ў Думе РФ нечакана адмовіліся прагаласаваць за рэкордны вайсковы бюджэт Пуціна
- 21.11.2024, 20:43
Дэмарш?
Савецкія традыцыі аднагалоснага галасавання далі збой на пасяджэнні Дзярждумы ў чацвер, дзе дэпутатам трэба было зацвердзіць праект бюджэту на найбліжэйшыя тры гады.
Дзве парламенцкія фракцыі – КПРФ і «Справядлівая Расея – За праўду» – практычна ў поўным складзе не сталі галасаваць за бюджэт, які ўключае скарачэнне выдаткаў на сацыяльную падтрымку грамадзянаў і рост ваенных выдаткаў да новага рэкорду з часоў СССР, паведамляе The Moscow Times.
Як вынікае з звестак на сайце Думы, 77 дэпутатаў «устрымаліся» ў ходзе галасавання за бюджэт у трэцім, канчатковым чытанні. Яшчэ адна дэпутатка, якая не ўдзельнічае ні ў адной з фракцый, Аксана Дзмітрыева прагаласавала «супраць». У ходзе абмеркавання бюджэту ў Дзярждуме 18 лістапада яна заяўляла, што ні прагноз, ні параметры праекту казны «не абмяркоўваліся належным чынам», а таксама абвінавачвала Мінфін у заніжэнні памеру расейскай эканомікі і плану падатковых збораў. Дзмітрыева таксама раскрытыкавала ЦБ за павышэнне ключавой стаўкі, сцвярджаючы, што яно разганяе інфляцыю, а не запавольвае яе.
Закон аб бюджэце на 2025–2027 гг. быў прыняты галасамі «Адзінай Расеі», якая кантралюе больш за палову дэпутацкіх мандатаў, а таксама партый ЛДПР і «Новыя людзі». У агульнай колькасці «за» бюджэт прагаласавалі 377 парламентарыяў.
Згодна з законам аб бюджэце, у 2025 годзе ўрад на 25% павялічыць выдаткі ў артыкуле «нацыянальная абарона», да 13,5 трлн рублёў. На войска і вытворчасць зброі будзе выдаткавана 32,5% бюджэту, агульны памер якога складзе 41,69 трлн рублёў.
Выдаткі паводле артыкула «сацыяльная палітыка», куды ўключаныя выплаты дапамог і пенсій (праз трансферт Сацыяльнаму фонду), пры гэтым скароцяцца на 16%, да 6,8 трлн рублёў.