У Мазырскім раёне бацька прыкаваў сына на ланцуг, каб той вучыў урокі і не ўцякаў з дому
- 21.11.2024, 21:32
Дзіця не магло выходзіць у прыбіральню і есці.
Жыхар Мазырскага раёна перыядычна прыкоўваў ланцугом свайго няпоўнагадовага сына, каб ён не ўцякаў з дому і вучыў урокі, паведамляецца на сайце Генпракуратуры.
Следства вызначыла, што 42-гадовы мясцовы жыхар са снежня 2023 да студзеня 2024 года прыкоўваў свайго сына да батарэі пры дапамозе ланцуга даўжынёй 2 метры. Дзіця не магло выходзіць у прыбіральню і есці.
Вядома, што маці школьніка памерла, таму яго выхоўвае толькі бацька. З 2022 года хлопчык перыядычна ўцякаў з дому, прагульваў заняткі ў школе, а таксама ўчыняў адміністрацыйныя правапарушэнні.
Каб сын больш не ўцякаў, а займаўся ўрокамі, бацька наважыўся на такія радыкальныя захады. Пры гэтым адзначаецца, што ў кватэры таксама жыла прабабуля хлопчыка, якая ў любы час магла прынесці яму ежу.
Пра дзеянні бацькі даведаліся педагогі школы, якія ўбачылі прыкаванага хлопчыка падчас планавага наведвання гэтай сям'і. Яны выклікалі бацьку, і той вызваліў сына.
Але на гэтым усё не скончылася. Педагогі паведамілі пра ўбачанае ў міліцыю. Школьніка накіравалі ў медустанову, абследавалі, але не знайшлі на ім цялесных пашкоджанняў.
Адзначаецца, што ў школе ў хлопчыка дрэнная характарыстыка. Ён прапускае ўрокі, парушае дысцыпліну і нават схільны красці.
Ягоны бацька падчас следства і ў судзе прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Яму прызначылі 2 гады пазбаўлення волі і штраф 100 базавых велічыняў (4000 рублёў).
Але пакуль выкананне асноўнага пакарання адтэрмінавалі на 2 гады. Аднак мужчыну нельга мяняць сваё месца жыхарства – толькі паводле ўзгаднення з кантрольным органам. Таксама яму забаранілі выезд паводле асабістых справаў на больш за 1 месяц за межы горада.
Прысуд ужо пачаў законнае дзеянне.
У той самы час, хлопчыка хочуць змясціць у спецыяльную навучальна-выхаваўчую ўстанову для няпоўнагадовых. Такую пастанову цяпер разглядаюць у мясцовым судзе.
Рэч у тым, што школьнік прадаўжае здзяйсняць дробныя крадзяжы, нягледзячы на прафілактычную працу, якую з ім праводзілі інспектары і педагогі.