The Telegraph: У ЗША з'явілася зброя, здольная разбіць расейскае войска
- 22.11.2024, 11:49
Камбінацыя F-35-SiAW можа стаць разбуральнай сілай.
ВПС ЗША атрымалі першы асобнік новай ракеты Stand-in Attack Weapon, ці SiAW. Вытворца зброі Northrop Grumman распрацаваў яе для крытычна важнай місіі: адціснуць варожую СПА, каб расчысціць шлях для наступных паветраных бамбаванняў. Як піша The Telegraph, гэта «жыццёва важная» магчымасць, якая можа схіліць чашу шаляў ва ўсякай будучай еўрапейскай вайне.
Разам з тым, як адзначаецца, гэтая зброя прызначаная для адносна блізкіх нападаў, і на вайне з Кітаем праз Тайвань знішчальнікам ВПС будзе цяжка падабрацца блізка.
Указваецца, што першую SiAW перадалі ВПС у сярэдзіне лістапада, крыху больш чым праз год пасля падпісання кантракта.
«Кампанія працягвае распрацоўваць зброю, праводзіць інтэграцыю платформы і заканчваць праграму лётных выпрабаванняў для хуткага прататыпавання і ўводу ў эксплуатацыю да 2026 года», – адзначылі ў кампаніі Northrop Grumman.
Галоўная праблема з SiAW палягае ў недастатковай далёкасці яе носьбіта – F-35 – для патэнцыйнага супрацьстаяння з Кітаем, піша The Telegraph. Разам з тым, у вайне над Еўропай з расейскімі войскамі гэтая зброя можа быць дастаткова эфектыўнай.
«Якая карысць ад кучы высокатэхналагічных F-35, узброеных высокатэхналагічнымі ракетамі SiAW, калі F-35 не могуць падабрацца дастаткова блізка да кітайскіх войск, каб запусціць ракеты? Аднак камбінацыя F-35-SiAW можа стаць разбуральнай у паветранай кампаніі над Еўропай, дзе адлегласці паміж дружалюбнымі і варожымі сіламі значна менш палохаючыя. F-35, якія ляцяць супраць расейскіх войск, могуць знішчыць іх супрацьпаветраную абарону, адкрываючы неба для заходніх самалётаў», - гаворыцца ў публікацыі.