У Кувейце знайшлі храм загадкавай цывілізацыі
- 22.11.2024, 16:38
Яму 4000 год.
Навукоўцы з Даніі і Кувейта знайшлі ў Персідскай затоцы храм узростам 4000 гадоў, які належыць да ранняй цывілізацыі Дылмун (3200-320 гг. да нашай эры). Аб гэтым паведамляе Arkeonews.
Цывілізацыя Дылмун, якая апісваецца як "месца, дзе ўзыходзіць сонца" і "краіна жывых", была адной з найстаражытнейшых цывілізацый у свеце. Яна размяшчалася ва ўсходняй частцы Арабійскага паўвыспы. На архіпелагу Персідскай затокі, які зараз з'яўляецца часткай Бахрэйна, знаходзілася сталіца Дылмуна.
Дзякуючы свайму выгаднаму размяшчэнню Дылмун была буйным гандлёвым цэнтрам і дамінавала на гандлёвых шляхах Персідскай затокі. Нягледзячы на сваю значнасць і доўгую гісторыю, цывілізацыя Дылмун лічыцца адной з найвялікшых загадак у гісторыі, бо пра яе мала што вядома.
У выніку працяглых раскопак быў знойдзены храм гэтай старажытнай цывілізацыі, непадалёк ад іншага храма і "палаца". Блізкасць храма да вялікага адміністрацыйнага будынка паказвае, што месца было важным цэнтрам упраўлення і рэлігіі. Цяпер раскапаны ўвесь храм памерам 11 на 11 метраў. Таксама былі знойдзены шматлікія артэфакты, уключаючы пячаткі і кераміку, якія сведчаць аб сувязі храма з цывілізацыяй Дылмун. Адкрыццё можа стаць прарывам у разуменні рэлігійных практык краіны.