Беларусы падзяліліся кадрамі «сапраўднай зімы» і першых снегавікоў
- 23.11.2024, 10:39
ЖКГ перавялі на ўзмоцнены рэжым.
У ноч з 22 на 23 лістапада поўдзень і ўсход Беларусі накрылі першыя моцныя снегапады. Дзятва, нарэшце, дачакалася магчымасці зляпіць сваіх першых снегавікоў і адкрыць сезон традыцыйных зімовых забаваў, а сацсеткі апанавалі фота і відэа з кадрамі «сапраўднай зімы». Не да весялосці толькі работнікам ЖКГ – у некаторых гарадах іх аператыўна перавялі на ўзмоцнены рэжым працы, піша «Тэлеграф».
Так, мяркуючы з фатаграфіяў і відэа з сацсетак, снегу нападала даволі, каб зляпіць першых снегавікоў, у трох рэгіёнах – Гомельскай, Магілёўскай і Берасцейскай абласцях. Некаторыя жыхары гэтых рэгіёнаў нават паспелі расчахліць санкі, якія зачакаліся сваёй гадзіны, і адкрыць сезон зімовых забаваў.
TikTok напоўнілі відэа заснежаных вуліцаў Гомеля, Берасця, Магілёва і навакольных райцэнтраў. Аўтары некаторых ролікаў, якія падзяліліся кадрамі «сапраўднай зімы» з тымі рэгіёнамі Беларусі, дзе снегам пакуль і не пахне, мяркуючы з выбару музычнага суправаджэння ўжо на ўсю моц настроеныя сустракаць Каляды і Новы год.
А вось супрацоўнікам камунальных службаў пакуль не да забаваў: улады Гомеля, напрыклад, перавялі ЖКГ на ўзмоцнены рэжым працы пасля пачатку снегападу.
«Сёння на ўборцы вуліцаў, ходнікаў і магістраляў горада задзейнічаныя 20 адзінак снегаўборачнай і снегаачышчальнай тэхнікі», – расказаў у сваім афіцыйным Telegram-канале старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.
Асаблівую ўвагу супрацоўнікі гарадскіх гасслужбаў паабяцалі аддаць уборцы магістральных вуліцаў, па якіх ідзе грамадскі транспарт, а таксама расчыстцы пешаходных пераходаў і прыпыначных пунктаў.