BE RU EN

Эксперт: Лукашэнка трапіць на лаву падсудных у Гаазе раней за астатніх

  • 23.11.2024, 10:52

Дыктатара ахвотна выдадуць нават ягоныя «паплечнікі».

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман пракаментаваў «Салідарнасці» пастанову Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордар на арышт Нетаньяху і чаму беларускаму дыктатару варта напружыцца:

– Лукашэнку тут дакладна няма чаму радавацца. У любым выпадку пакуль відавочна, што МУС сур'ёзна пастанавіў заняцца кіраўнікамі краінаў.

І тут для беларускага кіраўніка сітуацыя крыху іншая. Вядома, нават выдача ордара на ягоны арышт не будзе азначаць, што Лукашэнка трапіць у Гаагу. Тут няма прамой узаемасувязі.

Але я браў бы да ўвагі пры гэтым маштаб асобы, назавем гэта так. Пуцін – прэзідэнт ядзернай дзяржавы. Нетаньяху – прэзідэнт магутнай дзяржавы, і ў вайсковым, і ў палітычным сэнсе. А Лукашэнка – даволі дробная палітычная фігура.

І калі паглядзець на гісторыю працэсаў МУС, то перад гэтым судом якраз паўставалі «рыбкі» памерам з Лукашэнку, той самы Мілошавіч, ці афрыканскія лідары.

У гэтым сэнсе, чым менш значная палітычная фігура, чым менш у яе ўплыву, тым больш шанцаў усё ж трапіць у Гаагу.

Адпаведна шанцы Лукашэнкі ў выпадку выдачы ордара значна вышэйшыя дайсці да суду, чым шанцы Нетаньяху, які будзе аспрэчваць пастанову і за якога ёсць каму заступіцца.

За Лукашэнку не заступіцца ніхто. Да таго ж невядома, якой будзе сітуацыя ў будучыні ў Беларусі. Калі, напрыклад, адбудуцца нейкія змены, нейкая трансфармацыя, я не выключаў бы варыянта, пры якім былыя прыхільнікі Лукашэнкі, ягоныя паплечнікі, у выпадку, калі ордар будзе, вызначаць выкарыстоўваць яго, каб раз і назаўсёды пазбавіцца ад Лукашэнкі. Проста выдадуць – і праблема развязаная.

Таму для беларускага кіраўніка ў любым выпадку гэта не станоўчая падзея. Відавочна, што ён можа супаставіць факты: калі МУС падняў у свой час руку на Пуціна, а цяпер не спалохаўся прад'явіць абвінавачанні Нетаньяху, то-бок фігурам зусім іншага маштабу, што можа перашкодзіць выдаць ордар супраць Лукашэнкі?

Звярніце ўвагу, нават ягоная прапаганда гэта бярэ да ўвагі і не асвятляе гэтую падзею з такім захапленнем.

Апошнія навіны