У Беларусі судзяць вядомага трэнера ўсходніх адзінаборстваў
- 23.11.2024, 11:55
Паводле артыкула, звязанага з вайной ва Украіне.
Менчука Міхаіла Галінскага, трэнера ўсходніх адзінаборстваў, будуць судзіць паводле крымінальнай справы, звязанай з вайной ва Украіне. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў раскладзе судоў, заўважыла «Наша ніва».
Як адзначае выданне, Галінскі – адзін з самых вядомых трэнераў кітайскіх адзінаборстваў. Ягоныя выхаванцы перамагалі на міжнародных спаборніцтвах ушу, а ягоная школа вядомая ў Беларусі і за яе межамі паводле вынікаў спаборніцтваў.
59-гадовага трэнера затрымалі ў чэрвені 2024 года. Спачатку яго судзілі паводле адміністрацыйнай справы – за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», а потым завялі і крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 361-3 КК: «Удзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або асобы, якія стала жыве ў Рэспубліцы Беларусь, без грамадзянства на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы».
Паводле гэтай часткі артыкула могуць судзіць тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях ва Украіне, але, як піша «Наша Ніва», звычайна судзяць тых, хто толькі меў намер далучыцца да УСУ.
Працэс пачнецца ў Менскім гарадскім судзе 2 снежня ў 10.30.
Судзіць Галінскага будзе Вера Галаўкова. З 2016 года яна вынесла дзясяткі палітычных прысудаў.