BE RU EN

У Менску ў шматпавярхоўцы зачынілі вокны шчытамі

  • 23.11.2024, 15:00

Што адбываецца?

На вуліцы Якуба Коласа ў Менску ёсць дом на восем паверхаў, адзін з першых панэльных шматпавярховых дамоў у горадзе. Цяпер многія вокны ў будынку зачыненыя шчытамі. Onliner.by высветліў, што гэта азначае.

Дом па адрасе Якуба Коласа, 52 агароджаны будаўнічымі платамі, на фасадзе ў люльках працуюць працоўныя. Падаецца, што гэта проста нейкі рамонт. Але выглядае ўсё вельмі незвычайна, таму што многія вокны і гаўбцовыя праёмы зачыненыя шчытамі. Пры гэтым зразумела, што ў шматпавярхоўцы ўсё яшчэ жывуць людзі.

ФОТА: ONLINER

Гэта капітальны рамонт, сведчыць інфармацыя на пашпарце аб'екта. Акрамя таго, рамантуюць і суседні дом – пад нумарам 50/1. Але з датаў відаць, што тэрміны працаў зрушваліся.

ФОТА: ONLINER

Дом №52 быў пабудаваны ў 1964–1965 гадах. Гэта адна з першых панэльных шматпавярховак. Праект «Менскпраекта», архітэктары – Барсукоў і Шпігельман. Старэйшыя менчукі могуць памятаць рэстаран «Свіцязь» і радыёатэлье, якія спачатку знаходзіліся на першым паверсе будынка, ці дыетычную сталоўку, якая была тут пазней. Цяпер на першым – кавярня і крамы, а вышэй, як і раней, – жыллё.

Але навошта цяпер патрэбныя шчыты?

ФОТА: ONLINER

– Вокны абароненыя плітамі, каб не пашкодзіць шкло пры зняцці гаўбцоў, – растлумачыў прадстаўнік выканаўцы працаў Аркадзь Трафімчык.

ФОТА: ONLINER

Рэч у тым, што праектант прызнаў частку гаўбцоў аварыйнымі. Іх заменяць на новыя, усяго ў доме заменяць 35 гаўбцоў. Жыхароў на час капітальнага рамонту не высялялі.

Як доўга яшчэ будуць працы, суразмоўца не ўдакладніў.

Апошнія навіны