Навукоўцы расказалі, як экстрэмальны холад уплывае на сон
- 24.11.2024, 16:36
Крыястымуляцыя можа быць карысная людзям з праблемамі сну.
Канадскія і французскія навукоўцы выявілі, што ўздзеянне экстрэмальна нізкіх тэмператур паляпшае якасць сну. Экспэрымент паказаў, што рэгулярныя пяціхвілінныя сеансы пры тэмпературы -90°C узмацняюць глыбокую фазу сну, якая адказвае за аднаўленне арганізма, піша «Хайтек».
Даследаванне праводзілася на 20 здаровых добраахвотніках ва ўзросце блізу 20 гадоў. На працягу пяці дзён яны праходзілі крыястымуляцыю – кароткачасовае ахаладжэнне ўсяго цела. Пасля кожнай сесіі ўдзельнікі фіксавалі свае адчуванні, а спецыялісты адсочвалі іх сардэчны рытм, мазгавую актыўнасць і параметры сну.
Пасля пяці дзён крыятэрапіі працягласць глыбокага сну павялічылася на 7,3 хвіліны. Удзельнікі, асабліва жанчыны, адзначылі, што якасць іх сну палепшылася.
Аўтары даследавання мяркуюць, што крыястымуляцыя можа быць карысная людзям з праблемамі сну. Аднак яны падкрэсліваюць, што выбарка была невялікай, а эфект — сярэдні. Для больш дакладных высноў спатрэбяцца дадатковыя даследаванні.
Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Cryobiology.