Улады Пакістана абмежавалі мабільную сувязь ды інтэрнэт у краіне
- 24.11.2024, 18:54
СМІ назвалі прычыну.
У Пакістане прыпынілі выкананне паслуг мабільнай сувязі і інтэрнэту “ў раёнах, дзе існуюць праблемы з бяспекай”. Улады асцерагаюцца акцыі пратэсту ў падтрымку былога прэм'ера, які цяпер у турме.
Пра гэта паведамляе Associated Press.
Урад і Міністэрства ўнутраных спраў краіны апублікавалі адпаведную аб'яву ў сацсетцы Х, якая забароненая ў Пакістане. Улады не ўдакладнілі і не паведамілі, як доўга будзе дзейнічаць прыпыненне.
"Інтэрнэт і мабільная сувязь будуць працаваць у звычайным рэжыме на астатняй тэрыторыі", - гаворыцца ў паведамленнях.
Тым часам тэлекамунікацыйная кампанія Nayatel разаслала электронныя лісты, прапаноўваючы кліентам "надзейную паслугу стацыянарнай сувязі" ў якасці абыходнага шляху ў раёнах, дзе прыпыненая праца мабільнай сувязі.
Выданне піша, што былы прэм'ер-міністр Пакістана Імран Хан знаходзіцца ў турме ўжо больш за год. Супраць яго распачата больш за 150 крымінальных спраў. Ён застаецца папулярным, а яго палітычная партыя Pakistan Tehreek-e-Insaf ці ж скарочана PTI сцвярджае, што гэтыя справы палітычна матываваныя.
Прыхільнікі палітыкаактыўна выкарыстоўваюць сацсеткі, патрабуючы яго вызвалення, і выкарыстоўваюць платформы такія як WhatsApp, для абмену інфармацыяй, уключаючы падрабязнасці падзей.
Вядома, што Пакістан ужо ачапіў сталіцу Ісламабад грузавымі кантэйнерамі і перакрыў асноўныя дарогі і аўтамагістралі, якія злучаюць горад з апорнымі пунктамі PTI ў правінцыях Пенджаб і Хаўбер-Пантунхва.
Прадстаўнік PTI Шэйх Вакас Акрам паведаміў, што жонка Хана Бушра Бібі накіроўвалася ў Ісламабад у складзе калоны на чале з галоўным міністрам правінцыі Хайбер-Пантунхва Алі Амін Гандапурам.
"Яна не можа кінуць партыйных работнікаў на волю лёсу", - сказаў ён.
Ва ўсходнім горадзе Лахор паліцыя арыштавала чальцоў PTI, пакуль мінакі прабіраліся скрозь загароды. У Пешавары тым часам быў святочны настрой: чальцы PTI танчылі, барабанілі і трымалі фатаграфіі Хана, калі аўтамабілі адпраўляліся ў Ісламабад.
Амбасада ЗША ў сваю чаргу выпусціла папярэджанне аб бяспецы для амерыканцаў у сталіцы, заклікаўшы іх пазбягаць вялікіх сходаў і папярэдзіўшы, што нават «мірныя сходы могуць перарасці ў гвалт».
AP піша, што ў мінулым месяцы ўлады таксама прыпынілі працу мабільнай сувязі ў Ісламабадзе і Равалпіндзі, каб перашкодзіць правядзенню мітынгу ў падтрымку Хана. Адключэнне парушыла сувязь і паўплывала на паўсядзённыя паслугі, такія як банкаўскія аперацыі, замову таксі і дастаўку ежы.