Спецслужбы Венесуэлы акружылі пасольства Аргентыны
- 24.11.2024, 21:44
Там хаваюцца венесуэльскія апазіцыянеры.
Лідар венесуэльскай апазіцыі Эдмунда Гансалес, якога многія краіны, уключаючы ЗША, прызналі пераможцам прэзідэнцкіх выбараў, паведаміў сусветнай грамадскасці, што ў Каракасе спецслужбы акружылі амбасаду Аргентыны, дзе хаваюцца шасцёра прадстаўнікоў апазіцыі.
Пра гэта піша CNN.
"Я папярэджваю свет пра тое, што можа здарыцца з уцекачамі ў пасольстве Аргентыны ў Каракасе”, — напісаў Гансалес у сацсетцы Х.
Узброеныя, адзетыя ў балаклавы людзі акружылі пасольства, блакуючы ўваход і выхад з яго. Пакуль на тэрыторыю амбасады ніхто не ўвайшоў, але гэта не значыць, што гэта не можа здарыцца.
Пэдра Уручурту, які знаходзіцца ў пасольстве з сакавіка і з'яўляецца міжнародным каардынатарам лідара апазіцыі Марыі Карыны Мачадо, напісаў, што ўзброеныя супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі ў балаклавах перацялі вуліцы вакол амбасады. Над Пасольствам кружылі беспілотнікі, а тэлефонныя сігналы былі адключаныя, сказаў ён. Амар Гансалес, іншы чалец апазіцыі, які пражывае ў пасольстве, апублікаваў на X відэа, на якім выяўленая венесуэльская паліцыя ля будынка дыпламатычнага корпуса.
Гэта не першая спроба псіхалагічна ціснуць на Аргентыну і яе дыпламатаў і на апазіцыю, якая не можа пакінуць межы амбасады.
Нагадаем, дыктатар Венесуэлы Нікалас Мадура заявіў пра сваю перамогу на ліпеньскіх выбарах, нягледзячы на шырока распаўсюджаны скептыцызм у краіне і за мяжой з нагоды выніку. З тых часоў прадстаўнікі апазіцыі зазнаюць рэпрэсіі, а асноўны канкурэнт і, на ўсеагульную думку, пераможца выбараў Эдмунда Гансалес быў вымушаны нават папрасіць палітычнага прытулку ў Гішпаніі.