Хрысціянскія сакрамэнты ў Беларусі пад забаронай?
- 25.11.2024, 10:29
Баптысцкага прэсвітара аштрафавалі за абрад хрышчэння.
У Берасцейскай вобласці пад рэпрэсіі трапіў баптысцкі прэсвітар, піша “Хрысціянская візія".
71-гадовы Уладзімір Бурштын-прэсвітар царквы з Міжнароднага звязу цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Летась яго аштрафавалі на 555 рублёў за пропаведзь у Драгічыне.
У гэтым годзе падставай для штрафу стала... хрышчэнне. 8 верасня Уладзімір Бурштын правёў набажэнства ў царкве Маларыты каля вадаёма “Ваеннае возера". Дзевяць чалавек прынялі воднае хрышчэнне. А праз месяц на пастара склалі пратакол на падставе запісаў з камер відэаназірання.
6 лістапада суд Маларыцкага раёна аштрафаваў яго на 800 рублёў (20 базавых). Пастара прызналі вінаватым у правядзенні масавага мерапрыемства без узгаднення з адміністрацыяй Маларыцкага райвыканкама.
Прэсвітар будзе абскарджваць штраф у Берасцейскім абласным судзе.