У Чырвоным моры затанула судна з 45 асобамі на борце
- 25.11.2024, 14:48
Ацалелых знайшлі недалёка ад горада Марса-Алам.
Ля ўзбярэжжа Егіпта ў Чырвоным моры затанула судна з 45 асобамі на борце, уключаючы блізу 30 турыстаў з розных краін, паведамляе bild.
Экіпаж судна Sea Story раніцай падаў сігнал бедства, паведаміў губернатар рэгіёну, генерал-маёр Амр Ханафі.
Некаторых ацалелых выявілі непадалёк ад прыбярэжнага горада Марса-Алам, папулярнага сярод дайвераў і іншых турыстаў. Іх павінны эвакуаваць на самалёце і фрэгаце, а таксама забяспечыць медыцынскую дапамогу. З якіх краін прыбылі турысты, пакуль не ўдакладняецца.
Са слоў Ханафі, яхта выйшла з порта Галіб учора і павінна была прыбыць у пятніцу ў Хургаду. На борце знаходзіўся 31 турыст і экіпаж з 14 чалавек.
Ратавальнікі супольна з вайсковымі-марскімі сіламі працягваюць пошукі ацалелых, паведаміў Ханафі.