Беларусы байкатуюць прызыў у лукашэнкаўскае войска
- 25.11.2024, 17:43
Яны не прыходзяць на медкамісію.
У сакавіку 2024-га жыхар Баранавічаў атрымаў позву, якую запэўніў уласным подпісам. У названы дзень ён павінен быў прыйсці на медкамісію ў вайсковы камісарыят, аднак там так і не з'явіўся.
Як піша мясцовае выданне "Наш край”, ніякіх “уважлівых прычын" для таго, каб прапусціць набор, у мужчыны не было.
- У судовым пасяджэнні абвінавачаны сваю віну прызнаў цалкам. Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад мерапрыемстваў набору на тэрміновую вайсковую службу, — расказаў памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора Кірыл Данілюк.
У выніку абвінавачанаму прызначылі пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ на 360 гадзін. Прысуд пакуль не ўвайшоў у дзеянне.
Раней у жніўні за ўхіленне ад набору ў Слуцку судзілі 19-гадовага хлопца. Яго прысудзілі да трох месяцаў арышту. У траўні 2023-га жыхар Менскага раёна не прыбыў у вайсковы камісарыят у дзень адпраўкі ў месца праходжання службы. Праз паўгода адбыўся суд, прысуд-штраф сумай 150 базавых адзінак (на той момант 5 550 рублёў).