Расейскі бізнэс пачаў рыхтавацца да росту даляра да 120 рублёў
- 25.11.2024, 20:21
Паслабленне расейскага рубля неўнікнёнае.
Расейскія кампаніі, якія набываюць тавары за мяжой, рыхтуюцца да далейшага паслаблення курсу рубля, паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на прадстаўнікоў некалькіх імпарцёраў.
Паводле словаў адной з крыніцаў «Коммерсанта», прадпрымальніка, які завозіць у РФ абсталяванне, ягоная кампанія закладвае ва ўнутраныя разлікі даляр за 120–125 рублёў.
У найбліжэйшыя тры-шэсць месяцаў могуць быць дасягнутыя ўзроўні 110–120 рублёў за даляр, мяркуе суразмоўца «Коммерсанта». Аднак бізнэс аддае перавагу працаваць «з запасам», тлумачыць ён: «Не думаю, што ў кагосьці з імпарцёраў ёсць аптымізм наконт умацавання рубля. Прасцей закласці спрэд большы».
Узровень 115 рублёў за даляр называе таксама Ксенія Расава, генеральная дырэктарка Finn Flare – аднаго з найбуйнейшых прадаўцоў адзення ў Расеі. Паводле словаў Расавай, калі гэтая адзнака будзе дасягнутая, яе кампаніі давядзецца перакласці валютныя выдаткі ў кошты, якія пакуль улічваюць старыя валютныя курсы.
З пачатку лістапада рубель страціў 7% да юаня, столькі сама да даляра і блізу 3% да еўра. Хваля дэвальвацыі накрыла рынак пасля 21 лістапада, калі ЗША абвясцілі пра новыя санкцыі супраць расейскага фінансавага сектару, уключыўшы ў «чорныя спісы» пяць дзясяткаў банкаў, у тым ліку дзяржаўны Газпрамбанк. ГПБ, які захоўваў доступ да сістэмы SWIFT і аперацый у еўрах, заставаўся адным з апошніх буйных банкаў, за кошт якіх расейская эканоміка атрымлівала плыню замежнай валюты. Пашырэнне санкцый «зрабіла ключавы ціск на рубель», адзначае аналітык «ТКБ Інвестмент Партнерс» Максім Гладкіх.
У Расеі ўзнік дэфіцыт валюты, на які накладваецца лішак рублёў, паколькі бюджэт у канцы года традыцыйна нарошчвае выдаткі, адзначае Іскандэр Луцко з інвесткампаніі Aigenis. Ён прагназуе рост даляра да 110 рублёў ужо ў снежні.
Новыя санкцыі будуць перашкаджаць вяртанню валютнай экспартнай выручкі экспарцёрам, гэта можа прыводзіць да дэфіцыту прапановы валюты на рынку, згодны Ягор Сусін, кіроўны дырэктар ГПБ Private Banking. У найбліжэйшыя месяцы рынку будзе не ставаць прыкладна $2-4 млрд валютнай прапановы штомесяц, ацэньвае ён: «Гэта можа прыводзіць да вельмі нестабільнай сітуацыі з ліквіднасцю на ўнутраным рынку… празмерным рухам курсу, як летам – восенню 2023 года».
Вяртанне рубля на мінімумы валютнай панікі першых тыдняў вайны, калі даляр падскокваў да 120 рублёў і вышэй, – толькі пытанне часу, мяркуе асноўны аналітык «Фінама» Аляксандр Патавін. Перспектывы ў рубля «не вясёлкавыя», мяркуе ён: пад канец года Мінфін значна нарасціць бюджэтныя выдаткі і свабодных рублёў на рынку стане яшчэ больш, а ЕЗ пачаў працу над 15-м пакетам санкцый супраць РФ – у яго могуць увайсці абмежаванні супраць расейскага ЗПГ, ценевага флоту, а таксама выкарыстання замежных тэхналогій.