Міністр Кубракоў «адбельваў» верхавода міліцэйскай банды
- 26.11.2024, 9:43
Цяпер бандыту ў пагонах пагражае 20 гадоў турмы.
Выходзіць на фінішную прамую адная з самых гучных крымінальных спраў года - гісторыя банды налётчыкаў у балаклавах, якія рабавалі дальнабойшчыкаў па ўсёй Беларусі. Большасць удзельнікаў атрымалі мінімальнае пакаранне, а вось іх кіраўніку, міліцыянеру Міхаілу Згірскаму, хутчэй за ўсё, дадуць вялізны тэрмін, піша “Наша Ніва”.
У траўні 2024 года сілавікі адрапартавалі аб затрыманні пяці чалавек, якія абкрадалі прыпаркаваныя фуры. Пакуль кіроўца спаў у кабіне, злачынцы ўзломвалі замок грузавога адсека, загружалі свой мікрааўтобус крадзеным таварам і з'язджалі з месца злачынства.
"Яны дзейнічалі ў Берасцейскай, Магілёўскай, Менскай і Гомельскай абласцях", — паведамляла тады прэс-служба МУС.
Называлася імя кіраўніка банды - 27-гадовага супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіла Згірскага.
Ён не толькі даваў удзельнікам банды інфармацыю аб ходзе расследаванняў крымінальных спраў ва ўчыненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах. У кватэры Згірскага знайшлі іншую, адрозную ад табельнай, зброю, якая фігуравала ў заявах пацярпелых. А таксама адзенне з арыенціровак і балаклаву.
Пасля гэтага ў Докшыцах памянялі міліцэйскае кіраўніцтва - як дапусцілі сітуацыю?
Але публічна кіраўніцтва МУС тады рашуча зняпраўдзіла інфармацыю ў незалежных СМІ. Міністр Іван Кубракоў тады выступіў з відэазаявай: маўляў, банда была, але ніякі міліцыянер у яе не ўваходзіў. Аб лёсе Міхася Згірскага ён, натуральна, прамаўчаў.
Як высветлілася, сілавікі надумалі вылучыць справу Згірскага ў асобную вытворчасць - каб не пэцкаць усё ведамства.
Тым часам астатніх налётчыкаў паспелі асудзіць. Прысуд атрымаўся шакавальна гуманным. Пакуль інтэрнэт-каментатарам даюць рэальныя тэрміны ў калоніі, чатыром рабаўнікам фур далі… хатнюю хімію. І толькі адзін з іх, рэцыдывіст, атрымаў 4 гады калоніі.
Характэрна, што ў іх прысудзе фігуруюць крадзяжы толькі ў Гомельскай і Менскай абласцях - хаця на старце ім інкрымінавалі прыгоды і ў Берасцейскай, і ў Магілёўскай абласцях.
А зараз пачынаюць судзіць Міхася Згірскага. У адной клетцы з ім будзе сядзець сябар дзяцінства - Аляксандр Перапечка.
Пра 27-гадовага Аляксандра Перапечку вядома менш. Адслужыў у войску, жыў у аграгарадку Бярозкі пад Докшыцамі. У канцы 2022 года за крадзеж яго прысудзілі да грамадскіх работ. Паводле нашых звестак, ён планаваў налёты разам з Згірскім і выконваў ролю кіроўцы, які забіраў і вывозіў на продаж нарабаванае.
Згірскаму і Перапечку інкрымінуюць не проста крадзяжы, а значна больш сур'ёзнае абвінавачанне.
Гэта "вымагальніцтва, учыненае групай асоб, або з пагрозай забойствам або прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, або з мэтай атрымання выгады ў вялікай суме" (ч. 3 арт. 208 КК) - ад 5 да 15 гадоў калоніі.
Таксама ў абвінавачанні (магчыма, толькі ў Згірскага) ёсць "злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі" (ч. 2 арт. 424 КК) - ад 2 да 6 гадоў калоніі.
Метадам складання пакарання Згірскі можа атрымаць да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Характэрна, што Згірскага і Перапечку - нагадаем, абодва жылі і працавалі ў Докшыцкім раёне - судзяць у Нясвіжскім раёне.
Што ж яны маглі рабіць пад Нясвіжам? Хутчэй за ўсё, іх звязвае з гэтым рэгіёнам толькі тое, што праз яго тэрыторыю праходзіць траса М1 і ёсць стаянка для фур, якія і рабавалі пад кантролем міліцыянера Згірскага.