Прэзідэнт Літвы пра катастрофу самалёта: Паводзіны РФ прымушаюць задумацца
- 26.11.2024, 14:52
Крэмль паводзіць сябе дэструктыўна.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адзначыў, што праз дэструктыўныя паводзіны Расеі ўсе рэдкія няшчасныя выпадкі ў Еўропе зараз натуральна выклікаюць падазрэнне, ці не было гэта дыверсіяй.
Ягоны каментар падае літоўскае Delfi.
Наўседа сказаў, што пакуль рана казаць пра нейкія канкрэтныя версіі катастрофы самалёта ў Вільні.
“Яшчэ раз паўтару: канешне, ёсць імавернасць, што гэта дыверсія, выключаць гэтага нельга. Таму яе будуць сур'ёзна даследаваць”, - адзначыў прэзідэнт.
“Трэба прызнаць, што дзеянні Расеі, яе дэструктыўныя паводзіны зараз прымусяць ці ледзь не кожную авіякатастрофу разглядаць праз такую прызму, як магчымае ўмяшанне расейскіх спецслужбаў”, - дадаў Гітанас Наўседа.
Нагадаем, грузавы Boeing 737-476(SF) пацярпеў катастрофу непадалёк ад аэрапорта Вільні раніцай 25 лістапада. Самалёт належаў гішпанскай авіякампаніі Swiftair і выкарыстоўваўся для перавозкі пасылак DHL, ён выконваў рэйс з Лейпцыга.