BE RU EN

На выбарах прэзідэнта Уругвая перамог апазіцыйны кандыдат

  • 26.11.2024, 16:46

Яманду Орсі набраў 49,81% галасоў.

Кандыдат ад левацэнтрысцкай апазіцыйнай кааліцыі «Шырокі фронт» Яманду Орсі атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах ва Уругваі, паведамляе Reuters.

Яманду Орсі набраў 49,81% галасоў, апярэдзіўшы кандыдата ад кіроўнай «Нацыянальнай партыі» Альвара Дэльгада, які набраў 45,90%, паводле звестак.

- Гарызонт святлее. Я буду прэзідэнтам, які зноў і зноў будзе заклікаць да нацыянальнага дыялогу, - заявіў Орсі падчас выступу перад тысячамі прыхільнікаў партыі «Шырокі фронт» у Монтавідэа.

57-гадовы Орсі, былы мэр дэпартамента Канеланес, вядомы прыцягненнем такіх кампаній, як Google, заявіў, што будзе пазбягаць павышэння падаткаў, якія могуць адпудзіць бізнэс. Ён мае намер засяродзіцца на прыцягненні інвестараў, стымуляванні росту і павышэнні кваліфікацыі працоўнай сілы.

Яманду Орсі таксама заявіў аб намеры больш цесна супрацоўнічаць з Еўропай у барацьбе з наркагандлем і павялічыць фінансаванне турэмнай сістэмы.

Як Альвара Дэльгада, так і прэзідэнт Уругвая, чалец «Нацыянальнай партыі» Луіс Лакале Поў, прызналі паражэнне на выбарах і павіншавалі Орсі і прапанавалі дапамогу ў пераходным перыядзе.

Сярод галоўных праблем уругвайцаў - высокі кошт жыцця, няроўнасць і гвалтоўная злачыннасць, аднак да моманту выбараў інфляцыя знізілася, а занятасць і рэальныя заробкі растуць, піша Reuters.

Апошнія навіны