У Вялікай Брытаніі памёр самы стары мужчына ў свеце
- 26.11.2024, 19:29
Мужчына быў найстарэйшым у свеце ветэранам Другой сусветнай вайны.
Самы паджылы мужчына ў свеце, па імені Джон Альфрэд Тынісвуд, памёр у доме састарэлых у Вялікай Брытаніі. У жніўні 2024 года яму споўнілася 112 гадоў, паведамляе Mirror.
Тытул самага старога мужчыны Джон Альфрэд Тынісвуд афіцыйна атрымаў у красавіку гэтага года, пасля смерці Хуана Вісэнтэ Перэса Моры, якому было 114 гадоў. Новы рэкардсмен быў упісаны ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Адзначаецца, што ён памёр сярод сям'і.
Джон Альфрэд Тынісвуд нарадзіўся 26 жніўня 1912 года ў Ліверпулі - менавіта ў гэты год затануў «Тытанік». Са сваёй жонкай Блодвэн ён пазнаёміўся на танцах. Яны пражылі ў шлюбе 44 гады. Амаль 40 гадоў таму Тынісвуд заўдавеў.
У доўгажыхара ёсць дачка Сьюзэн, чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў.
Мужчына быў найстарэйшым у свеце ветэранам Другой сусветнай вайны. Большую частку жыцця ён прапрацаваў бухгалтарам у кампаніях Shell і BP. На пенсію Джон Альфрэд Тынісвуд выйшаў у 1972 годзе.
Сваё даўгалецце мужчына тлумачыў выключна поспехам. Пры гэтым ён адзначаў, што дажыць да такога старэчага ўзросту яму дапамог актыўны лад жыцця, які ён вёў у маладосці.
«Ты альбо жывеш доўга, альбо жывеш мала, і з гэтым нічога не зробіш. Я не адчуваю свайго ўзросту, не хвалююся праз яго. Мусіць, таму я яго і дасягнуў. Я паняцця не маю, чаму я пражыў так доўга. Я не магу прыгадаць ніякіх асаблівых сакрэтаў. У маладосці я быў даволі актыўным, шмат хадзіў пешшу», - аднойчы сказаў доўгажыхар.
Мужчына не прытрымліваўся ніякай асаблівай дыеты. Па пятніцах ён любіў з'ядаць порцыю рыбы са смажанай бульбай. Яго галоўная парада для захавання здароўя - умеранасць. Да апошняга ён выконваў многія са сваіх паўсядзённых задач без старонняй дапамогі. Ён самастойна распараджаўся сваімі фінансамі, а таксама сачыў за сусветнымі навінамі па радыё.
На званне найстарэйшага мужчыны ў свеце зараз прэтэндуе перуанец Марсэліна Абад Талянціна. Аб патэнцыйным рэкардсмэне паведамілі ў Pension 65, гэта нацыянальная пенсійная сістэма Міністэрства развіцця і сацыяльнай інтэграцыі Перу (Midis). Як сцвярджаюць улады, мясцовы сельскі працаўнік нарадзіўся ў 1900 годзе. Цяпер Кніга рэкордаў Гінэса разглядае перуанскую заяўку.