Частка «Табакерак» перайшла ад сям'і «гаманца» Лукашэнкі Алексіна пад «крыло» дзяржкампаніі
- 26.11.2024, 19:35
Што пра гэта вядома?
Шапікі «Табакеркі», якія ў кастрычніку закрываліся ў розных гарадах, зноў сталі працаваць. Часткай з іх зараз валодае дзяржкампанія «Тытунь». Работнікі кажуць, што гэтыя фірмы - дзве розныя сеткі. Гэта пацвярджаецца і звесткамі з Адзінага дзяржрэгістра. «Зеркало»«Зеркало» расказвае дэталі.
«Гэта як з рознымі крамамі». Што з кіёскамі, якія закрыліся?
У пачатку кастрычніка ў Гародні і Баранавічах масава закрыліся кіёскі сеткі «Табакерка». Гэта закранула не толькі пакупнікоў цыгарэт, але і іншых людзей, бо ў гандлёвых пунктах прадавалі і спадарожныя тавары, а таксама талоны на грамадскі транспарт. У філіялах кампаніі «Энэрга-Оіл» у Гародні і Берасці тлумачылі гэта рэарганізацыяй прадпрыемства, маўляў, яно дзеліцца на два. Супрацоўнікі кампаніі запэўнілі, што праз некалькі тыдняў шапікі запрацуюць на ранейшых месцах.
Цяпер тытунёвыя кіёскі ўжо працуюць. Імі валодаюць розныя кампаніі: частка належыць СЗАТ «Энэрга-Оіл», а некаторыя перааформлены на ТУП «Тытунь», паведамілі журналісту «Зеркала» як пакупніку ў кампаніі «Тытунь».
- Нашы кіёскі сіне-жоўтага колеру, усе яны працуюць ужо з кастрычніка. Рэжым іх працы можа адрознівацца, нейкія адкрытыя і па выходных, а ёсць кіёск, які адкрываецца вельмі позна — а 09.30. Але на ўсіх ёсць таблічка з назвай, рэжымам працы, зважайце, — удакладніла супрацоўніца ТУП «Тытунь» з Гародні.
Што да Баранавічаў, то там усе шапікі таксама працуюць. Тыя, што пафарбаваныя ў цёмны колер, як і раней, належаць берасцейскай філіі «Энэрга-Оіл», іншыя перайшлі пад «крыло» ТУП «Тытунь».
- Раней працавалі толькі «Табакеркі» кампаніі «Энэрга-Оіл», яны ёсць і цяпер. Частка кіёскаў (сіне-белыя) былі ў іх у арэндзе, а цяпер яны перайшлі ўласніку - ТУП «Тытунь». Цяпер мы два розныя прадпрыемствы і паміж намі няма ніякай узаемасувязі, — патлумачылі ў філіяле фірмы «Тытунь» Берасцейскай вобласці.
Цяпер абедзве кампаніі прымаюць уласныя пастановы аб тым, у каго ім закупляць тавар, якім будзе асартымент прадукцыі, яго кошт.
- Гэта як з рознымі крамамі, напрыклад, зойдзеце вы ў «Капеечку», а потым у «Хіт» - там будуць розныя кошты. Тое ж самае «Табакерка» і «Тытунь» - гэта дзве розныя сеткі. Нічога, абвыкнеце.
Суразмоўца не змог адказаць, чым была выкліканая неабходнасць такога падзелу. Мужчына толькі адзначыў, што «пастанова прынятая на высокім узроўні».
Сеткай кіёскаў «Табакерка» раней кіравала кампанія «Энэрга-Оіл» сям'і Аляксея Алексіна. Сам бізнэсовец, якога называюць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі, знаходзіцца пад санкцыямі як адзін з «гаманцоў» палітыка. У студзені 2021 года стала вядома, што Алексін перапісаў кампаніі на сыноў, як мяркуецца, баючыся санкцый. На той момант у схеме бенефіцыярных уласнікаў на сайце «МТБанка» было паказана, што па 40% долі ў «Энэрга-Оіл» прыпадае на Віталя і Дзмітрыя Алексіных, яшчэ 20% - на Іну Алексіну (жонку бізнэсоўца).
У жніўні 2021 года і сама кампанія «Энэрга-Оіл» таксама апынулася пад санкцыямі. А ў красавіку 2022 года ўказам Лукашэнкі бізнэс Алексіна выключылі са спісу кампаній, якія маюць выключнае права на імпарт тытунёвай сыравіны і вырабаў.
Некаторыя «Табакеркі» перайшлі ў рукі дзяржкампаніі
Як раз у лістападзе шмат кіёскаў, звязаных з гэтым кірункам бізнэсу сям'і Алексіна, былі перарэгістраваныя на новага ўладальніка.
Так, 15 лістапада кіёск па адрасе Ленінская, 2а, у Чавусах перастаў належаць «Энэрга-Оіл», а ўжо 20 лістапада ён быў уключаны ў гандлёвы рэестр як аб'ект фірмы «Тытунь». Тое ж самае здарылася з кіёскам у Кіраўску па вуліцы Гагарына, 43-А.
Сёлета «Энэрга-Оіл» пазбавіўся 580 кіёскаў, 140 з іх у лістападзе (усяго ў яго цяпер блізу 2365 раздробных гандлёвых аб'ектаў). Сёлета зарэгістравалі 40 новых «Табакерак».
Кампанія «Тытунь» у 2024-м аформіла як мінімум 411 новых кіёскаў. Валодае гэтай фірмай гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», вынікае са звестак Адзінага дзяржрэгістра (АДР). Значыць, гэта дзяржаўнае прадпрыемства. Характэрна, што кампанія адной рукой прадае ў кіёсках цыгарэты, а другой - кіруе медыцынскім цэнтрам «Свет здароўя» ў Гародні. Гэтай жа кампаніі належыць інтэрнэт-крама «аўтарскага адзення» WhiteMoose.
«Тытунь» актыўна пашыраецца. У верасні гэтага года былі зарэгістраваны філіялы ў Гомелі, Берасці, Магілёве і Віцебску, вынікае са звестак АДР.
З 17 кастрычніка дырэктарам «Тытуню» прызначаны Шагун Аляксандр Мікалаевіч. Яго поўны цёзка раней быў намеснікам старшыні сельгаспрадпрыемства «Прынёманскі». Чалавек з такім жа імем таксама значыўся як намеснік гендырэктара ў камерцыйных пытаннях тытунёвай фабрыкі «Нёман».