У Віцебску прадалі расейцам вінзавод побач з Домам-музеем Шагала
- 26.11.2024, 19:53
З 13-й спробы.
Комплекс будынкаў вінаробнага завода ў гістарычнай частцы Віцебска прадалі на аўкцыёне з 13-й спробы інвестару з Расейскай Федэрацыі, паведамілі ў Віцебскім аблвыканкаме.
Аб'ект сышоў з малатка з 80%-м паніжэннем першапачатковай цаны - за Br462 тысячы. Новаму ўласніку таксама перайшоў зямельны надзел 2 га.
У гэтым раёне некалі жыў Марк Шагал. Ды і заводу ўжо больш за 100 гадоў, ён мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Да Вялікай Айчыннай вайны тут выраблялі віны, сокі, экстракты і павідла. Нават падчас нямецкай акупацыі выпускалі невялікую колькасць віна і вады.
У пасляваенныя гады вытворчыя магутнасці значна павялічыліся. На заводзе выраблялі як вінаградныя, так і пладова-ягадныя віны.
Што тут ёсць?
Адміністрацыйна-гаспадарчы будынак вінзавода дайшоў да нашых дзён у значна змененым выглядзе. Пасля ВАВ тут з'явіліся кантора, клуб і сталовая.
Але між тым асноўны будынак мае статус аб'екта гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. Яна ўважаецца за прыклад мірнай забудовы Віцебска канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.
Вытворчасць тут была ліквідаваная ў 2017 годзе.
Інвестару, які набыў аб'ект, акрамя гістарычнага будынка, дасталіся таксама два вытворчыя карпусы, цэх аўсянага печыва, вінасховішча, спіртасховішча, склад, прахадная, маюцца інжынерныя сеткі.
Будынкі сукупнай плошчай 5,7 тысячы м2 займаюць 2 га землі.