BE RU EN

У Кітаі былога кіраўніка Bank of China асудзілі да смяротнага пакарання

  • 26.11.2024, 20:06

Яго абвінавацілі ў хабары.

Суд у кітайскай правінцыі Шаньдун асудзіў былога кіраўніка аднаго з найбуйнейшых банкаў Кітая – Bank of China – да смяротнага пакарання за хабарніцтва і незаконную выдачу крэдытаў. Пра гэта піша агенцтва Reuters са спасылкай на паведамленні ў кітайскіх дзяржаўных СМІ.

Асуджаны Лю Лянгэ ўзначаліў Bank of China у 2019 годзе, а да гэтага працаваў у Народным банку Кітая і Экспартна-імпартным банку Кітая. У 2021 годзе быў звольнены з пасады паводле абвінавачання ў незаконнай дзейнасці і атрыманні хабару.

У абвінаваўчым прысудзе сказана, што Лю скарыстаўся сваім становішчам, каб дамагчыся пасоўвання на службе шматлікіх людзей, і што памер атрыманага хабару быў «асабліва велізарны» і склаў больш за 121 млн юаняў ($17 млн). Таксама выявілася, што Лю парушыў законы, ухваліўшы крэдыты памерам больш за 3,32 млрд юаняў, што прывяло да стратаў больш як 190 млн юаняў.

Суд узяў да ўвагі той факт, што Лю прызнаўся ва ўсіх злачынствах і вярнуў большую частку грошай. Таму яму вынесены прысуд з адтэрміноўкай выканання на два гады. Паводле кітайскіх законаў гэта азначае, што Лю пакараюць смерцю толькі ў тым выпадку, калі ён цягам двух гадоў здзейсніць злачынства.

Антыкарупцыйны орган Кітая ў апошнія месяцы разгарнуў кампанію выкрыцця парушэнняў у фінансавым сектары, якая закранула высокапастаўленых банкіраў. Раней у кастрычніку да смяротнага пакарання з двухгадовай адтэрміноўкай выканання асудзілі былога намесніка кіраўніка цэнтральнага банка Кітая Фань Іфэя. Яго таксама абвінавачвалі ў хабарніцтве.

Апошнія навіны