Аўстрыя лёгка замяніла расейскі газ энэргіяй ветру
- 26.11.2024, 20:45
Вена ўжо 10 дзён не атрымлівае газ наўпрост ад «Газпрама».
Аўстрыя ўжо 10 дзён не атрымлівае газ наўпрост ад «Газпрама», але не мае праблемаў. Рэкордныя аб'ёмы электрычнасці ад ветраных станцый і максімальная за дзесяцігоддзе гідрагенерацыя дазволяць камунальным службам Аўстрыі адпрацаваць распачаты ацяпляльны сезон з мінімальнымі патрэбамі ў газе.
Паспяховая адмова Аўстрыі ад газу можа паслужыць прыкладам для суседніх краінаў, якія могуць скараціць калектыўнае спажыванне газу, кампенсаваўшы страты электраэнэргіі за кошт павелічэння яе імпарту праз агульнаеўрапейскія сеткі – у тым ліку з той самай Аўстрыі, піша Reuters. Для «Газпрама», які і так ужо страціў рынкі Паўночнай Еўропы, гэта можа стаць дадатковым ударам.
Хоць сёлета запатрабаванні Аўстрыі ў газе больш як на 80% задавальняліся за кошт расейскага паліва, дзель газу ў сукупнай электрагенерацыі апусцілася ніжэй за 6%, паводле звестак энэргетычнага аналітычнага цэнтра Ember.
Тым часам вецер даваў больш электрычнасці, чым газ, у 19 з 20 апошніх месяцаў. Гэта значыць, ужо ў мінулым ацяпляльным сезоне Аўстрыя ўпершыню зрабіла з дапамогай ветру больш электраэнэргіі, чым з дапамогай газу. Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў гэтым сезоне, у тым ліку дзякуючы развіццю ветраной энэргетыкі. У цэлым яна за 10 месяцаў гэтага года забяспечыла ў 2,5 раза больш электрагенерацыі, чым газ, а аб'ём вырабленай з ветру электрычнасці вырас на 18 адсоткаў.
Калі зімой 2024/25 хуткасць ветру будзе адпавядаць сезоннай тэндэнцыі (у краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы гэтая хуткасць дасягае піку якраз у гэты час года), то ветрагенерацыя будзе перавышаць газавую цягам усёй зімы, што прывядзе да зніжэння агульнага спажывання газу ў Аўстрыі ў такі важны для краіны момант, адзначае Reuters.
Акрамя таго, больш за 3000 гідраэлектрастанцый у Аўстрыі вырабілі за 10 месяцаў гэтага года на 17% больш электрычнасці, чым за аналагічны перыяд мінулага. Моцныя ападкі ў канцы 2023 – пачатку 2024 г. напоўнілі рэзервуары да шматгадовых максімумаў.
На дзель гідрагенерацыі сёлета прыйшлося 68%, ветранай – 13%, яшчэ 10% дала сонечная.
Дзеянні Аўстрыі могуць стаць прыкладам для суседніх краінаў, якія таксама імкнуцца скараціць залежнасць ад імпарту газу. Акрамя таго, Чэхія, Вугоршчына, Швэйцарыя, Італія, Славенія і Славакія злучаныя з Аўстрыяй магутнымі электрасеткамі і могуць скараціць спажыванне газу за кошт імпарту яе электрычнасці.
Апроч іншага, разрыў стасункаў з «Газпрамам» не азначае поўнай страты доступу OMV да расейскага газу (прынамсі да канца года, пакуль яшчэ дзейнічае дамова на ягоны транзіт праз Украіну, які Кіеў не збіраецца падаўжаць). Аўстрыя можа пры неабходнасці набываць газ у Славакіі, якая прадаўжае атрымліваць яго ад «Газпрама». У аўторак заяўка Аўстрыі на дастаўку газу са Славакіі была на 21% вышэйшая, чым у панядзелак, пры тым што сукупны аб'ём пастаўкі ў Еўропу праз Украіну захоўваўся на ўзроўні апошніх тыдняў – блізу 42 млн кубаметраў, паведамляе Reuters са спасылкай на звесткі «Газпрама».
Нягледзячы на дзённы рост, аўстрыйская заяўка застаецца ніжэйшай, чым да 16 лістапада, калі «Газпрам» перакрыў кран у адказ на неаплату OMV паставак за кастрычнік. Аўстрыйская кампанія адмовілася плаціць, каб атрымаць такім чынам прынамсі частку з больш як 230 млн еўраў, якую ёй прысудзіў арбітражны суд за спыненне экспарту «Газпрама» для яе нямецкай «дачкі» ў 2022 годзе.
Газавыя сховішчы ў Аўстрыі запоўненыя на 90,4%, паводле звестак Gas Infrastructure Europe.