У Брытаніі зноў заўважылі дроны над авіябазамі, якімі карыстаюцца ВПС ЗША
- 26.11.2024, 21:00
Невядомыя дроны лётаюць ужо некалькі дзён запар.
Невядомыя беспілотнікі былі прыкмечаныя над трыма базамі ваенна-паветраных сілаў Злучаных Штатаў Амерыкі ў Вялікай Брытаніі. Яны лёталі там цягам 6 дзён.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Паводле звестак агенцтва, за апошнія шэсць дзён над трыма базамі Ваенна-паветраных сілаў ЗША ў Англіі было заўважана некалькі невядомых беспілотнікаў.
«Невялікія беспілотныя лётныя апараты былі заўважаныя паблізу і над базамі RAF Лейкенхіт, RAF Мілдэнхол і RAF Фелтвел ў перыяд з 20 да 26 лістапада», – заявіла крыніца Reuters.
Варта заўважыць, што гэтыя тры базы, дзве ў Сафалку і адна ў Норфалку, арандуюцца Злучанымі Штатамі ў Вялікай Брытаніі.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіў, што яны «сур'ёзна ставяцца да пагрозаў і падтрымліваюць надзейныя захады» на абаронных аб'ектах.
«Мы падтрымліваем адказ ВПС ЗША», – дадаў спікер.
Таксама вядома, што брытанскія войскі былі задзейнічаныя для дапамогі ВПС ЗША, высветліць, хто нясе адказнасць за палёты беспілотнікаў над іх базамі.