У Менску абвясцілі прысуд экс-кіраўніку камбіната сілікатных вырабаў
- 27.11.2024, 9:07
Прысудзілі не толькі турэмны тэрмін.
У судзе Маскоўскага раёна Менска 26 лістапада быў абвешчаны прысуд былому антыкрызіснаму кіраўніку ў справе аб банкруцтве ААТ "Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў". Мікалай Кацёл быў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва вялікай суме, паведамілі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ.
Камбінат знаходзіўся на стадыі банкруцтва, і галоўнай задачай кіраўніка было аднаўленне яго платаздольнасці. Аднак, як устанавіў суд, экс-дырэктар выкарыстаў службовае становішча для ўласных інтарэсаў. Ён дабіўся на сходзе крэдытораў зніжэння кошту прадпрыемства ўдвая, каб яно адпавядала запытам патэнцыйнага пакупніка. За гэтую «паслугу» мужчына атрымаў абяцанне ўзнагароды сумай больш за мільён рублёў.
Калі частка хабару была ў ягонай кішэні, яго затрымалі.
Суд прызнаў абвінавачанага вінаватым паводле ч. 3 арт. 430 КК Беларусі (Атрыманне хабару ў асабліва вялікай суме). Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф сумай 5000 базавых адзінак (200 000 рублёў). Акрамя таго, мужчыну забаранілі займаць кіроўныя пасады, звязаныя з адміністрацыйна-гаспадарчымі функцыямі, тэрмінам на 5 гадоў.