«Даходзіць да таго, што прадаюць людзям мяса памерлых жывёл»
- 27.11.2024, 18:58
Беларус расказаў праўду пра калгасы.
Рэжым за год банкруціць 10-ы калгас на Віцебшчыне. Гаворка ідзе пра ААТ «Сінягорскае» ў Сенненскім раёне. Яго пасля ліквідацыі далучаць да ААТ «Белая ліпа», піша чытач сайта Charter97.org:
- Гэтая «геніяльная» схема ад моцных гаспадарнікаў звычайна прыводзіць да хуткай гібелі калгасу, які ўзбуйняюць.
Рэжым павольна, але ўпэўнена знішчае сельскую гаспадарку Віцебшчыны, рэгіёна, які па праве ганарыўся сваёй мяса-малочнай галіной да прыходу Лукашэнкі да ўлады.
У Беларусі сельская гаспадарка і звязаныя з ёй галіны ператварыліся ў самую няшчасную сферу эканомікі. Работнікі калгасаў атрымліваюць мізэрныя заробкі, працуюць у жудасных умовах. Горш, чым за савецкім часам. Квітнеюць паўсюдныя карупцыя, крадзеж і безгаспадарчасць. Крадуць усе. Начальства — мільярды даляраў на пабудове новых комплексаў і гандлі прадукцыяй. Шараговыя калгаснікі крадуць каністру саляркі ці мяшок угнаенняў, каб выжыць. Жывёла часта ўтрымліваецца ў невыносных умовах. Дужыя гаспадарнікі стварылі сапраўдныя канцлагеры для скаціны. Хваробы і гібель жывёл утойваюцца. Даходзіць да таго, што прадаюць людзям мяса памерлых жывёлін.
І гэта толькі частка жаху, які робіцца ў сельскай гаспадарцы. Віцебшчына, на жаль, узяла лідарства ў гэтым аграхунтаўскім кашмары.
Лукашэнка, які ўважае сябе за спецыяліста ва ўсіх сферах (а асабліва ў сельскагаспадарчай), цалкам адарваўся ад рэалій жыцця. Прапануе вар'яцкія праекты накшталт вырошчвання персікаў і кавуноў на Гомельшчыне. Лукашызм адгарадзіўся ад урэгулявання праблем цынічнай дэмагогіяй, дурной прапагандай і пагрозай рэпрэсій.