Туск прапанаваў стварыць у Балтыйскім моры вайскова-марскую паліцыю
- 27.11.2024, 19:02
Праз пагрозу РФ.
У Балтыйскім моры праз пагрозу ад Расеі трэба стварыць вайскова-марскую паліцыю. З такой прапановай едзе ў Швэцыю прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Ён заявіў, што будзе заклікаць да гэтага краіны Прыбалтыкі і Паўночнай Еўропы.
«Я буду пераконваць нашых партнёраў у неабходнасці неадкладна распрацаваць аналагічную формулу, калі гаворка заходзіць аб кантролі і бяспецы ў балтыйскіх водах, аб «вайскова-марскім патруляванні» краін, размешчаных на Балтыйскім моры, якія аднолькава адчуваюць пагрозу, калі гаворка заходзіць пра Расею», - сказаў Туск (цытата па Reuters).
У якасці прыкладу для новай ідэі ён назваў місію паветранай паліцыі Балтыкі (Baltic Air Policing, BAP).
У Швэцыі Туск возьме ўдзел у сустрэчы прэм'ер-міністраў краін Балтыі і Паўночнай Еўропы. Падчас перамоваў яны будуць абмяркоўваць рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне бяспекі і агульнай палітыкі па вайне РФ ва Украіне.