Сем краін Еўропы паабяцалі павялічыць пастаўкі боепрыпасаў ва Украіну
- 27.11.2024, 19:54
Ужо ў найбліжэйшыя месяцы.
Сем краін Еўропы плануюць павялічыць дапамогу Украіне ўжо ў найбліжэйшыя месяцы. Прынамсі, размова ідзе аб пастаўках боепрыпасаў.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на супольную заяву кіраўнікоў урадаў Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Латвіі, Нарвегіі, Польшчы і Швэцыі і кіраўніка АП Андрэя Ермака ў Telegram.
Прэм'ер-міністры адзначылі, што Украіна павінна быць у стане супрацьстаяць расейскай агрэсіі, каб забяспечыць усёабдымны, справядлівы і трывалы мір.
«У найбліжэйшыя месяцы мы ўзмоцнім нашу падтрымку, у тым ліку ўкраінскай абароннай прамысловасці, і будзем інвеставаць у забеспячэнне большай колькасці боепрыпасаў для Украіны», - сказана ў заяве.
Таксама краіны запэўнілі, што адданыя ўмацаванню стрымлівання і абароны супраць звычайных і гібрыдных атак, а таксама пашырэнню санкцый супраць Расеі і супраць тых, хто падтрымлівае расейскую агрэсію.