Ламіна Ямаля прызналі найлепшым маладым футбалістам Еўропы
- 27.11.2024, 20:01
17-гадовы форвард «Барселоны» каманды Гішпаніі атрымаў прэмію Golden Boy.
Форвард «Барселоны» і каманды Гішпаніі Ламін Ямаль стаў уладальнікам прэміі Golden Boy, якая ўручаецца найлепшаму маладому футбалісту Еўропы ва ўзросце да 21 года. Пра гэта паведамляецца на старонцы ў сацсетцы Х італьянскага выдання Tuttosport, якое ўручае гэтую ўзнагароду.
Ямалю 17 гадоў, сёлета на чэмпіянаце Еўропы ён стаў самым маладым гульцом турніру (16 гадоў 338 дзён) і паставіў новы рэкорд як самы малады аўтар голу ў гісторыі Еўра (16 гадоў 362 дні). Ямаля прызналі найлепшым маладым гульцом Еўра, каманда Гішпаніі стала пераможцай турніру.
Летась прыз атрымаў паўабаронца мадрыдскага «Рэала» і каманды Англіі Джуд Белінгем.
Прэмія ўручаецца з 2003 года. Яе штогод атрымлівае футбаліст ва ўзросце меншым за 21 год, які выступае ў найвышэйшым дывізіёне аднаго з еўрапейскіх чэмпіянатаў.
У розныя гады прыз Golden Boy атрымлівалі Ліянэль Мэсі, Серхіа Агуэра, Рахім Стэрлінг, Уэйн Руні, Сэск Фабрэгас, Іска, Марыё Балатэлі, Марыё Гёцэ, Поль Погба, Кіліян Мбапэ, Эрлінг Холанд.