BE RU EN

Прыбыткі расейскіх кампаній абрынуліся да мінімуму за два гады

  • 27.11.2024, 21:37

Мінфін РФ ужо б'е трывогу.

Высокія стаўкі і рост выдаткаў прывялі да таго, што фінансавы вынік расейскіх кампаній (прыбыткі мінус страты) у верасні аказаўся горшым за два гады. За дзевяць месяцаў ён склаў 21,37 трлн руб., паведаміў Расстат, гэта на 1,34 трлн руб. больш, чым у студзені – жніўні. Апошні раз кампаніі зараблялі менш за два гады раней – крыху менш за трыльён у верасні 2022 г. Да верасня прыбыткі кампаній крыху адставалі ад рэкорднага мінулага года (у студзені – жніўні – на 5,8%), але вынік за дзевяць месяцаў на 19,1% горшы, чым год таму, паведамляе The Moscow Times.

Мінфін РФ ужо б'е трывогу: ён адзначае скарачэнне паступленняў падатку на прыбытак. «На 20 лістапада паступленні падатку на прыбытак знізіліся [да аналагічнага перыяду летась] на 7%, на 357 млрд рублёў, калі быць дакладным», – заявіў міністр Антон Сілуанаў, прызнаўшыся, што гэта стала для ўраду нечаканым.

Горш за ўсё, паводле ягоных словаў, ідуць справы ў вугальных рэгіёнах: «Калі паглядзець на суб'екты, у каго найбольш складаная сітуацыя з падаткам на прыбытак, гэта Кемераўская вобласць – мінус 59%, Наўгародская, Мурманская, Буратыя, Яўрэйская, Валагодская і гэтак далей. Сітуацыя зразумелая. Гэта або сыравінныя вугальныя галіны, або тыя рэгіёны, дзе ёсць прадпрыемствы экспартна-арыентаваныя, у якіх экспарт, з тых ці іншых прычынаў, скараціўся». Вугальныя прадпрыемствы ў стратах, вынікае з звестак Расстата: 91,3 млрд руб. за дзевяць месяцаў, а ў цэлым у здабычы карысных выкапняў прыбыткі застаюцца на ўзроўні леташніх.

Расейскі бізнэс пакутуе ад росту выдаткаў і высокіх ставак, якімі Цэнтрабанк спрабуе стрымаць інфляцыю. У апытаннях Цэнтрабанка і S&P Global прадпрыемства называюць адной з галоўных праблемаў імклівы рост выдаткаў. Найвастрэйшы кадравы крызіс (беспрацоўе ў кастрычніку зноў абнавіла рэкорд – 2,3%) прымушае павышаць заробкі. У верасні яны былі на 17,8% большыя, чым у верасні 2023 г., а ў рэальным выразе рост склаў 8,4%.

Высокія стаўкі прывялі да таго, што паводле вынікаў года прыкладна 20% прамысловых прадпрыемстваў сутыкнуцца з праблемамі пры абслугоўванні пазыкі, ацэньваў блізкі да ўладаў аналітычны цэнтр ЦМАКП. Ягоныя эксперты адзначалі, што ў многіх галінах рэнтабельнасць зраўнялася або апусцілася ніжэй за прыбытковасць АФЗ, што робіць бессэнсоўнымі інвестыцыі.

Цэнтрабанк адказваў, што асноўнай крыніцай інвестыцый у Расеі з'яўляюцца ўласныя сродкі кампаній, і блізкія да рэкордных прыбыткі дазваляюць ім падтрымліваць інвестыцыйную актыўнасць. Калі рэзкае запаволенне прыбыткаў у верасні – не эпізод, а тэндэнцыя, то эканамічны рост замарудзіцца мацней, чым у прагнозах ураду (2,6% у 2025 г.) і ЦБ (0,5–1,5%). ЦБ абяцае расейскай эканоміцы «мяккую пасадку» – запаволенне без спаду, але эксперты сумняваюцца, што вяртанне інфляцыі да мэты ў пачатку 2026 г. магчымае без рэцэсіі. «Рызыка рэцэсіі ў наступным годзе высокая, для бізнэсу будуць цяжкія часы, – адзначаў інвестбанкір Яўген Коган. – Не ўсе кампаніі змогуць перажыць наступны год».

Апошнія навіны