Трамп абраў сваім спецпасланнікам датычна Украіны Кіта Келага
- 27.11.2024, 21:17
Абраны прэзідэнт ЗША паабяцаў забяспечыць «мір праз сілу».
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў прызначыць генерал-лейтэнанта ў адстаўцы Кіта Келага спецпасланнікам ва ўрэгуляванні вайны РФ ва Украіне.
Пра свой выбар ён расказаў у сацсетцы Truth Social.
«Я вельмі рады прызначыць генерала Кіта Келага на пасаду памочніка прэзідэнта і спецыяльнага прадстаўніка датычна Украіны і Расеі. ...> Разам мы забяспечым мір праз сілу і зробім Амерыку і ўвесь свет зноў бяспечнымі!» – напісаў Трамп.
Раней пра выбар рэспубліканца Келага паведамлялі крыніцы Reuters.
Раней Келаг працаваў у адміністрацыі Трампа падчас ягонага першага тэрміну. Ён узначальваў апарат Рады нацыянальнай бяспекі і быў дарадцам у нацыянальнай бяспецы тагачаснага віцэ-прэзідэнта Майка Пенса.
80-гадовы Келаг удзельнічаў у вайне ў В'етнаме ў якасці афіцэра спецназу. Ён таксама займаў пасаду кіраўніка штабу 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі ў ходзе аперацыі «Бура ў пустыні» з 1990 да 1991 года. Генерал звольніўся з войска ў 2003 годзе.