BE RU EN

БДУ пачне набор на дзве новыя спецыяльнасці

  • 28.11.2024, 20:56

На адной трэба будзе вучыцца пяць гадоў.

У 2025/26 навучальным годзе ў БДУ пачнецца набор на дзве новыя спецыяльнасці – «Інтэлектуальная электроніка» і «Міжнародная эканоміка і гандаль (з паглыбленым вывучэннем кітайскай мовы)», паведамляецца на сайце ўніверсітэта.

Абедзве спецыяльнасці прадстаўленыя як актуальныя для беларускай эканомікі. Набор на іх плануецца на бюджэтную і платную форму навучання. Таксама разглядаецца магчымасць мэтавага набору, для якога прадугледжаны асобны ўнутраны іспыт.

На «Міжнароднай эканоміцы і гандлі (з паглыбленым вывучэннем кітайскай мовы)» студэнты будуць вучыцца пяць гадоў. Выпускацца яны будуць са ступенню магістра і кваліфікацыяй «Эканаміст. Кітаіст-перакладчык». Студэнтам будуць выкладаць дысцыпліны ўсходазнаўства, яны асвояць прафесійную лексіку і спецыфіку справавой перапіскі, навыкі складання бізнэс-дакументаў, пісьмовага і вуснага перакладу. Таксама яны будуць вывучаць прынцыпы міжнароднага і нацыянальнага рэгулявання сучаснай эканомікі, значэнне асобных рэгіёнаў, краінаў і кампаній у фармаванні тэндэнцый сусветнага гандлю, ролю нацыянальных інтарэсаў у геапалітычнай абстаноўцы і інш.

У студэнтаў будзе магчымасць прайсці вытворчую практыку на кітайскіх і беларуска-кітайскіх прадпрыемствах, стажыроўку ў Кітаі.

Паводле спецыяльнасці «Інтэлектуальная электроніка» прадугледжаная чатырохгадовая вучэбная праграма. Яна ўключае дысцыпліны ў метадах машыннага навучання, лічбавых вымяральных сістэмах, асновах асобных раздзелаў матэматыкі і фізікі, сярод якіх радыёфізіка, механіка, оптыка і тэрмадынаміка, мовах праграмавання, інтэлектуальным аналізе звестак, камп'ютарным зроку, асновах кібербяспекі і інш. Выпускнікам прысвояць кваліфікацыю «Радыёфізік. Інжынер-праграміст».

Апошнія навіны