Пратэстоўцы ўзвялі барыкады ў цэнтры Тбілісі
- 29.11.2024, 8:28
Адбыліся сутыкненні з сілавікамі.
28 лістапада ў сталіцы Грузіі Тбілісі людзі выйшлі на мітынг пасля таго, як прэм'ер-міністр Іраклі Кабахідзэ заявіў аб адмове ад уступлення краіны ў ЕЗ да 2028 года. Пратэстоўцы заявілі, што падобныя дзеянні ставяць пад пагрозу будучыню краіны. Сілавікі пачалі разгон мітынгоўцаў, выкарыстоўваючы слезацечны газ і вадамёты.
Пра гэта паведамляе “Эхо Кавказа". Паводле інфармацыі выдання, акцыя протесту была арганізаваная праз сацыяльныя сеткі.
Мітынгоўцы сабраліся каля цэнтральнага офіса кіруоўнай партыі “Грузінская мара" і будынка парламента ў Тбілісі. Яны заяўляюць, што пастанова прэм'ера Кабахідзэ з'яўляецца здрадай інтарэсам краіны і парушэннем артыкула 78 Канстытуцыі Грузіі, дзе замацавана імкненне да еўрапейскай інтэграцыі.
Паралельна з мітынгам прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі правяла экстранныя кансультацыі з дыпламатычным корпусам і апазіцыяй, пасля якіх выступіла з заявай. Ейныя словы цытуе партал SOVA.news.
Зурабішвілі заявіла, што ўлада такімі дзеяннямі абвясціла вайну ўласнаму народу.
"Неісная, нелегітымная ўлада абвясціла не мір, а вайну – уласнаму народу, уласнаму мінуламу і ўласнай будучыні. На гэтым шляху няма ні грузінскай дзяржаўнасці, ні незалежнасці, ні будучыні без Расеі”, – канстатавала Зурабішвілі.
Яна таксама адзначыла, што падчас сваіх экстранных сустрэч з заходнімі дыпламатамі заклікала дапамагчы грузінскаму грамадству, і галоўная задача – прызначыць і правесці новыя парламенцкія выбары.
Прэзідэнтка таксама звярнулася да грузінскай апазіцыі і заклікала яе аб'яднацца для скаардынаваных дзеянняў.
Між тым, на акцыі ў Тбілісі сітуацыя абвастрылася. Улады падцягнулі да месца правядзення мітынгу войскі спецыяльнага прызначэння. Пачаліся сутыкненні паліцыі з пратэстоўцамі.
Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выйшла на плошчу Свабоды, дзе размешчаныя войскі спецыяльнага прызначэння. Яна звярнулася да службоўцаў падраздзялення.
"Вы служыце Расеі ці Грузіі?", - спытала прэзідэнтка вайскоўцаў.
Пасля мітынгоўцы пачалі рухацца насустрач войскам спецыяльнага прызначэння. Сярод іх былі жанчыны і дзеці.
Вайскоўцы сталі выкарыстоўваць супраць людзей дымавыя шашкі, слезацечны газ і вадамёты.
Сілавікі сцягнуліся да асноўнай часткі акцыі па праспекце Шота Руставелі і пачалі разганяць людзей.
У МУС Грузіі заявілі, што пратэст “выйшаў за ўстаноўленыя законам межы, таму былі выкарыстаныя спецыяльныя сродкі”. А ў пабліках публікуюць відэа аб затрыманні дэманстрантаў паліцыяй.
На 2:45 паводле грузінскага часу праваахоўнікі зачысцілі тэрыторыю каля парламента Грузіі.
На праспекце Руставелі пасля разгону дэманстранты пачалі будаваць барыкады, усталёўваюць бочкі з агнём.
Пратэстоўцы застаюцца на праспекце Руставелі, людзі спяваюць гімн Грузіі.