Кітайскія і расейскія вайсковыя самалёты ўвайшлі ў зону СПА Паўднёвай Карэі
- 29.11.2024, 11:52
Сеул падняў свае знішчальнікі ў адказ.
У пятніцу, 29 лістапада, пяць кітайскіх і шэсць расейскіх вайсковых самалётаў без папярэджання ўвайшлі ў зону ідэнтыфікацыі супрацьпаветранай абароны Паўднёвай Карэі (KADIZ). Інцыдэнт адбыўся над морам ля ўсходняга і паўднёвага ўзбярэжжа.
Пра гэта паведамляе Yonhap News Agency. Там паднялі свае знішчальнікі ў адказ.
Як паведаміў прадстаўнік Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў (АКНШ), з 9.35 да 13.53 кітайскія і расейскія вайсковыя самалёты паслядоўна заходзілі ў зону ідэнтыфікацыі супрацьпаветранай абароны Паўднёвай Карэі над усходнім морам і водамі ля паўднёвага ўзбярэжжа. Чыноўнік адзначыў, што паветраная прастора Паўднёвай Карэі парушаная не была.
Кітайскія і расейскія вайсковыя самалёты ўвайшлі ў зону СПА Паўднёвай Карэі
Зона супрацьпаветранай абароны не з'яўляецца тэрытарыяльнай паветранай прасторай, але пазначаная такім чынам, каб замежныя самалёты маглі ідэнтыфікаваць сябе з мэтай прадухілення выпадковых сутыкненняў.
Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабоў паведаміў, што ваенна-паветраныя сілы Паўднёвай Карэі выявілі самалёты да таго, як яны ўвайшлі ў зону распазнання, і прынялі “тактычныя” меры, мабілізаваўшы знішчальнікі.