Францыя паскорыла працэс перадачы Украіне знішчальнікаў Mirage
- 29.11.2024, 21:47
Таксама Парыж дапаможа ўзмацніць украінскую супрацьпаветраную абарону.
Францыя пагадзілася паскорыць працэс паставак ва Украіну знішчальнікаў Mirage. Таксама Парыж дапаможа ўзмацніць украінскую супрацьпаветраную абарону.
Пра гэта паведамляе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram.
Паводле словаў кіраўніка дзяржавы, ён правёў перамовы з французскім калегам Эмануэлем Макронам.
«Падзякаваў за гатоўнасць Францыі дапамагчы з неадкладным узмацненнем супрацьпаветранай абароны Украіны, а таксама за комплексную абаронную падтрымку і паскарэнне працэсу перадачы самалётаў Mirage», – напісаў Зяленскі.
Як адзначыў украінскі прэзідэнт, ён цэніць, што Францыя разумее выклікі, з якімі сутыкаецца Украіна. У ходзе перамоваў было дэталёва абмеркаванае пытанне таго, як узмацніць украінскую СПА.
«Я падкрэсліў важнасць запрашэння Украіны ў NATO, пашырэння дальнабойных магчымасцяў – не толькі як неабходнага захаду ў супрацьдзеянні расейскай агрэсіі, але і для набліжэння міру», – удакладніў Зяленскі.
Ён дадаў, што таксама абмяркоўвалася прадаўжэнне падрыхтоўкі і аснашчэння ўкраінскіх брыгадаў як на тэрыторыі краінаў NATO, так і праз развіццё ідэі аб трэніровачных місіях на тэрыторыі Украіны.