Выбары ў ЗША: у некалькіх штатах вайскоўцаў прывялі ў гатоўнасць
- 3.11.2024, 15:17
Праз магчымыя беспарадкі.
Сілы нацгвардыі ЗША прывялі ў гатоўнасць праз магчымыя беспарадкі на выбарах прэзідэнта. Вайскоўцаў падрыхтавалі ў некалькіх штатах.
Пра гэта паведамляе CNN.
Адзначаецца, што напярэдадні магчымых грамадзянскіх беспарадкаў у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў штатах Вашынгтон, Арэгон і Невада нацыянальная гвардыя знаходзіцца ў гатоўнасці.
У Вашынгтоне і Арэгоне раней зафіксавалі выпадкі падпалаў скрыняў для галасавання. Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША папярэдзіла, што пагрозы «выбарчай інфраструктуры» застаюцца высокімі.
Губернатарка штата Арэгон Ціна Котэк у пятніцу, 1 лістапада, заявіла, што нацыянальная гвардыя гатовая, бо палітычныя лідары заклікаюць да мірных пратэстаў.
Губернатар штата Невада Джо Ламбарда на гэтым тыдні таксама абвясціў, што 60 вайскоўцаў нацгвардыі знаходзяцца ў гатоўнасці «для падрыхтоўкі да бяспечнага і спакойнага дня выбараў».