BE RU EN

У Драздах здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова

  • 30.11.2024, 16:00

Кошт уражвае.

На сайтах арэнды нерухомасці з'явіўся катэдж легенды беларускага хакея Уладзіміра Цыплакова. Пажыць у ягоным шыкоўным доме ў Драздах можа любы ахвочы, гатовы штомесяц плаціць больш за 14 тысяч рублёў, піша «Наша Ніва».

Уладзімір Цыплакоў - ураджэнец Расеі, які на момант распаду СССР гуляў у менскім "Дынама", таму стаў грамадзянінам Беларусі. Ён стаў першым беларусам, які замацаваўся ў НХЛ, выступаў за "Лос-Анджэлес" і "Бафала". Тройчы прызнаваўся найлепшым хакеістам Беларусі. Пасля кар'еры спрабаваў сябе ў якасці трэнера, але не надта сябе зарэкамендаваў на гэтай ніве.

Аб смерці 50-гадовага знакамітага хакеіста Уладзіміра Цыплакова стала вядома ў снежні 2019 года. Паводле "Нашай Нівы", ён скончыў жыццё самагубствам. Адна з прычын - прафесійная незанятасць.

Сярод спадчыны Уладзіміра Цыплакова быў і катэдж на вуліцы Пакроўскай у Драздах, уладальнікам якога зараз з'яўляецца яго ўдава. Яна шукае арандатара на працяглы тэрмін.

Плошча катэджа больш за 430 квадратаў, з іх жылая - 180 квадратаў. На цокальным паверсе знаходзяцца саўна, хатні кінатэатр, пральня, кацельня.

На першым - гасцёўня з камінам, кухня-сталовая, а таксама спальня для гасцей.

На другім прадугледжаны тры спальні (уключаючы майстар-спальню з уласным санвузлом і гардэробнай), а таксама агульны гардэроб і санвузел. Дызайн дома далёкі ад сціплага: ёсць насценныя фрэскі і скульптурныя барэльефы.

Мяркуючы па фота ў абвестцы, у катэджы ніхто не жыве, таму што мэбля ў пакоях амаль адсутнічае. Засталася яна толькі на кухні.

Але сказана, што тое, што ёсць, было зроблена на замову - і гэта ручная праца. Абяцаюць бытавую тэхніку ад найлепшых імпартных вытворцаў. Адзначаюць, што ў хаце ўсталявана сістэма цэнтральнага пыласоса. А ўсюды, дзе ёсць плітка, падлога падаграваецца.

Бонусам да катэджа ідзе ўчастак плошчай 10 сотак. Вядома, над ім папрацаваў ландшафтны дызайнер (аднак нельга сказаць, што вынік уражвае). Каб будучаму арандатару спалася спакойна, вядзецца відэаназіранне. Каштуе раскошнае жыццё па суседстве з беларускімі элітамі розных гадоў 4 тысячы даляраў у месяц (ці прыкладна 14130 рублёў).

Апошнія навіны