У Маскве пачаліся масавыя аблавы на навабранцаў
- 30.11.2024, 21:50
У тым ліку і на тых, хто прызнаны непрыдатным да службы.
Колькасць затрыманняў навабранцаў у Маскве вырасла ў 2,5 раза ў параўнанні з мінулым годам. Так, за ўвесь 2023 год было затрымана 87 маладых людзей прызыўнога ўзросту, з якіх 23 змаглі пазбегнуць адпраўкі ў войска.
За няпоўны 2024 год гэтая лічба ўжо дасягнула 225 чалавек, з іх шчасна пакінуць зборны пункт удалося 66, піша The Moscow Times.
Затрымліваюць у тым ліку і тых, хто прызнаны непрыдатным да службы, ці мае дыягназ, які выключае прызыў у войска. Юрысты "ПризываНет" падзяліліся з каналам некалькімі такімі гісторыямі. Германа С., які пакутуе бранхіяльнай астмай (дыягназ, які выключае службу), раней прызналі прыдатным. Ён абскардзіў рашэнне ў судзе, але быў затрыманы пры паўторным візіце ў ваенкамат для атрымання позвы на кантрольны медагляд. Рыгора, прызнанага непрыдатным, забралі проста з працы. Ілля К., які таксама мае непрызыўны дыягназ, быў затрыманы па дарозе з працы, пасля чаго яго спачатку даставілі ў аддзел паліцыі, а затым на зборны пункт.
Паводле звестак праваабарончай арганізацыі "Школа прызыўніка", у лістападзе 2024 года ў Маскве пачасціліся масавыя аблавы на людзей прызыўнога ўзросту. Затрыманні адбываліся на вуліцах, у метро, а часам і дома. Пасля гэтага прызыўнікоў дастаўлялі ў аддзелы паліцыі ці на зборны пункт на Угрэшскай вуліцы. Многія з іх перад гэтым атрымлівалі электронныя позвы праз партал mos.ru.
У сярэдзіне лістапада стала вядома, што маскоўскія ваенкаматы пачалі рассылаць прызыўнікам смс-паведамлення аб абмежаваннях за нез'яўленне па позве. Сярод абмежаванняў - забарона на выезд з Расеі, а таксама забарона распараджацца нерухомасцю, рэгістраваць самазанятасць і ІП, атрымліваць замежны паспарт, браць крэдыты і рэгістраваць транспарт. Тым, хто атрымаў апавяшчэнні, пагражалі крымінальнай адказнасцю і прасілі тэрмінова з'явіцца на зборны пункт.
Раней "Школа прызыўніка" паведамляла аб масавым патрабаванні маскоўскімі ваенкаматамі запаўняць анкеты аб допуску да дзяржаўнай таямніцы. Прызыўнікоў адмаўляліся адпускаць з пунктаў без запаўнення дакумента, хаця такія дзеянні незаконныя. Доступ да дзяржаўнай таямніцы выдаецца толькі тым, хто працуе з сакрэтнай інфармацыяй або служыць у сакрэтных частках. Адмова ад запаўнення анкеты не прыводзіць да адказнасці, падкрэсліваюць праваабаронцы, і раяць пазбягаць падпісання такіх дакументаў.