BE RU EN

У Беластоку праходзіць фестываль «Бязмежжа»

  • 30.11.2024, 23:31

Мерапрыемств ладзіцца на Беласточчыне з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Літаратурны каляндар Беласточчыны сёлета не парушаны – у Беластоку праходзіць чарговы семінар «Бязмежжа». Мерапрыемств ладзіцца на Беласточчыне з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Для многіх пісьменнікаў гэты семінар стаў сапраўднай літаратурнай школай, перадае «Радыё Рацыя».

Пра першае «Бязмежжа» згадвае беларускі празаік з Падляшша Міхал Андрасюк:

-Гэта было ў ХХ стагоддзі і першае па ліку «Бязмежжа» ў Гайнаўцы ў Беларускім музеі. Я, як адносна малады тады яшчэ чалавек, патрапіў на «Бязмежжа» ў прынцыпе без ніякіх літаратурных дасягненняў. Гэта для мяне была значная падзея, калі я ўбачыў зблізу твары, вочы ў вочы людзей, пісьменнікаў, пра якіх толькі чуў. І, здаецца, быў я на ўсіх «Бязмежжах» па сённяшні дзень.

30 лістапада семінар працягне сваю працу. Традыцыйна будуць гучаць урыўкі з новых твораў і новыя вершы ўдзельнікаў сустрэчы, прэзентавацца новыя кнігі, гучаць агляды літаратурных падзей і нават пакажуць дакументальны фільм пра Міхала Андрасюка, які сёлета адзначае сваё 65-годдзе.

У Беласток на чарговы семінар «Бязмежжа» сабраліся як мясцовыя літаратары, так і госці, якія прыехалі, на жаль, як было звычайна, не з Беларусі, – але з Варшавы і Вільні.

На адкрыцці семінара выступіў сакратар міжнароднага Саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч:

- Сустрэцца, абмеркаваць, падвесці нейкія своеасаблівыя вынікі года літаратурнага. Увогуле ўсяго беларускага літаратурнага года: як ён прайшоў, якія посьпехі былі, якія праблемы. Усё гэта агучыць, перагаварыць адно з адным, наладзіць добрую камунікацыю. Гэта адбываецца ўжо дзесяцігоддзі. Гэта проста выдатная з’ява. Таму я шчыра віншую вас, што гэта зноў пачынаецца!

У першы дзень семінара Алесь Аркуш зрабіў фотарасповед пра гісторыю семінара «Бязмежжа», Уладзімір Някляеў падзяліўся сваімі ўражаннямі пра новую кнігу Ганны Кандрацюк, якая павінна выйсці сёлета прыканцы года, а Віктар Сямашка расказаў пра сваю працу над альбомам «Звышверш» на вершы Надзеі Артымовіч.

А ўвечары ўдзельнікі семінара паўдзельнічалі ў аўтарскай вечарыне паэткі Міры Лукшы.

Літаратурны семінар «Бязмежжа» арганізаваны ў Беластоку з 29 лістапада па 1 снежня 2024 г. Праграмнай радай тыднёвіка «Ніва», Міжнародным Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім саюзам у Польшчы пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы і Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства.

Апошнія навіны