Мая Санду перамагла на выбарах прэзідэнта Малдовы
- 4.11.2024, 9:10
(Абноўлена) У другім туры яна заручылася падтрымкай больш як 55% чалавек.
Дзейная прэзідэнтка Малдовы Мая Санду выперадзіла свайго апанента, кандыдата ад Партыі сацыялістаў (ПСРМ) Аляксандра Стаянаглу ў другім туры выбараў, сведчаць звесткі ЦВК пасля апрацоўкі 99.59% бюлетэняў.
Санду ў лідарах, заручыўшыся падтрымкай 55,26% чалавек. За яе апанента прагаласавалі 44,74% выбарцаў, вынікае са звестак ЦВК.
Прыход на выбарах склаў 53,75%, у галасаванні ўдзельнічалі 1,6 млн. чалавек.
За мяжой, паводле звестак малдаўскага МЗС, прагаласавалі рэкордныя 300 тыс. чалавек.
«Малдова змагла паказаць сваю волю і сілу праз голас кожнага з нас. Мы даказалі, што аб'яднаўшыся, мы можам перамагчы тых, хто хацеў нас прынізіць. (…) Малдова зазнала беспрэцэдэнтны напад у гісторыі ўсёй Еўропы: брудныя грошы, незаконны подкуп галасоў, умяшанне ў выбарчыя працэсы з боку злачынных груповак, распаўсюджванне нянавісці і страху ў нашым грамадстве. Але наш народ аб'яднаўся, і грамадзяне перамаглі», - заявіла Санду на малдаўскай мове.
Мая Санду таксама звярнулася да выбарцаў на расейскай мове. «Дарагія малдаване, я ўдзячная кожнаму з вас, хто прыйшоў на выбары. Я пачула ваш голас: і тых, хто падтрымаў мяне, і тых, хто прагаласаваў за спадара Стаянаглу. Я абавязваюся быць прэзідэнткай для вас усіх. У нашым выбары годнай будучыні ніхто не саступіць. Мы можам пільнавацца розных пунктаў гледжання, размаўляць на розных мовах, але мы ўсе хочам міру, паразумення і годнага жыцця для нашых дзяцей. Гэта мая галоўная мэта для Малдовы на найбліжэйшыя гады. Нам неабходна аб'яднанне грамадства», - сказала прэзідэнтка на расейскай мове.
У першым туры выбараў 20 кастрычніка пераможцу выявіць не ўдалося: Санду, якая выступае з праеўрапейскай праграмай, была ў лідарах з 42% галасоў, а Стаянагла атрымаў 26%. Адначасова ў краіне прайшоў рэферэндум аб унясенні паправак у Канстытуцыю, якія фіксуюць імкненне Малдовы ў Еўразвяз. Разрыў паміж прыхільнікамі і апанентамі паправак склаў менш за 1%: за іх прагаласавалі 50,35% (749,7 тысяч чалавек), супраць - 49,65% (739,1 тыс.). 31 кастрычніка Канстытуцыйны суд зацвердзіў гэты вынік.