BE RU EN

Апазіцыя Грузіі збірае вялікі мітынг у Тбілісі

  • 4.11.2024, 11:31

І рыхтуе намёты.

Грузінская апазіцыя пацвердзіла збор вялікага пратэсту супраць вынікаў парламенцкіх выбараў, які адбудзецца ў панядзелак увечары на праспекце Руставэлі ў Тбілісі, паведамляе агенцтва "Навіны-Грузія".

Пратэстоўцы збяруцца а 19:00 мясцовага часу (18:00 менскага) перад будынкам парламента.

Акцыя пройдзе на дзявяты дзень пасля выбараў, афіцыйныя вынікі якіх не прызнаюць чатыры апазіцыйныя аб'яднанні, якія прайшлі ў парламент.

Яны патрабуюць міжнароднага расследавання, гаворачы аб масавай фальсіфікацыі вынікаў галасавання, і паўторных выбараў пад міжнародным кантролем.

У падрыхтоўцы мітынгу ўдзельнічалі "Кааліцыя за перамены", "Адзінства - Нацыянальны рух" і "Моцная Грузія".

Арганізатары не выдаюць сцэнар будучага мітынгу, абяцаючы пасля яго пачатку абвясціць аб далейшых планах. Раней "Кааліцыя на перамены" абвясціла аб зборы намётаў, іх ужо ў запасе да тысячы. Але пакуль няясна, ці з'явіцца намётавае мястэчка ў цэнтры Тбілісі ў панядзелак.

Апазіцыйныя мэдыі са спасылкай на крыніцы ў партыях пішуць, што ў панядзелак пратэст будзе абвешчаны бестэрміновым. Аб'яднаны штаб будзе працаваць у цэнтральнай сядзібе партыі "Лела" ў Тбілісі.

"Мы сустрэнемся ў панядзелак, а 19:00, на Руставэлі, і падрабязна праінфармуем аб тым, як у рамках закона, мірна, арганізавана будзе працягвацца наш пратэст", – сказала на брыфінгу лідар партыі "Для народа" Анна Далідзэ.

"Вуліца стане адным з цэнтральных кірункаў нашага плана, дзе мы будзем змагацца за нашу краіну і еўрапейскую будучыню", — заявіла адна з лідэрак "Кааліцыі за змены" Элена Хаштарыя.

Гэта будзе другі пратэставы мітынг апазіцыі пасля выбараў. Першы адбыўся 28 кастрычніка, пасля таго, як Цэнтральная выбарчая камісія абвясціла папярэднія вынікі.

Апошнія навіны