У Беларусі з'явіўся новы чыгуначны маршрут
- 4.11.2024, 18:12
Продаж білетаў ужо даступны.
Беларуская чыгунка запусціла новы маршрут Мазыр - Калінкавічы - Менск і назад. Як паведамілі ў прэс-службе БЧ, цяпер штодзень будуць курсаваць дзве пары электрацягнікоў рэгіянальнага бізнэс-класа пад нумарамі 874/873 і 876/875.
• З Мазыра цягнікі адпраўляюцца а 05:40 і 17:57, прыбываюць у Менск а 09:34 і 21:46.
• З Менска электрычкі сыходзяць а 13:45 і 19:38, вяртаючыся ў Мазыр а 17:36 і 23:50.
Электрычкі будуць рабіць прыпынкі ў такіх населеных пунктах, як Пухавічы, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін, Светлагорск і Калінкавічы.
Запуск новых складаў стаў магчымы дзякуючы заканчэнню электрыфікацыі і мадэрнізацыі інфраструктуры на ўчастку Калінкавічы - Барбароў.
Білеты ўжо можна набыць, іх кошт вагаецца ад Br12 да амаль Br17 у залежнасці ад узроўню камфорту.