BE RU EN

У Менску адкрылася кавярня, у якой «працуюць» біглі

  • 4.11.2024, 19:51

Відэа.

Новая кавярня пад назвай Begle coffee адчынілася недалёка ад вакзала. У меню - гарбата з шарыкамі, карэйская кава і моці. Экзотыка, але ўжо знаёмая беларусам. Больш здзіўляе іншае: на ўваходзе гасцей сустракаюць тры біглі.

Як сцвярджаюць у сацсетках уладальнікі: «Нашы пухнатыя сябры ствараюць асаблівую сяброўскую атмасферу. Яны заўсёды радыя вам і вашым гадаванцам, таму ў нашу кавярню можна прыходзіць са сваім чацвераногім сябрам!» Завуць хвастатых «супрацоўнікаў» Топі, Таці і Сянсян, піша «Онлайнер».

Назвы напояў таксама могуць выклікаць усмешку: вам тры какосавыя браты або шчаслівую клубнічную гірлянду? А можа, пончыкавы ці метэарытны латэ? Што да ежы, то апроч моцi можна замовіць бента-тарты і «абдымную чару», што б гэта ні значыла.

Анонс адкрыцця ўстановы ў TikTok ужо набраў некалькі сотняў тысяч праглядаў. Рэакцыі на ідэю розныя, але ў асноўным пазітыўныя.

«Як вы ўгаварылі вечнагалодных біглёў не з'ядаць усё запар?»

«Вось ЯНО. Даўно марыла аб кавярні з сабачкамі».

«Там пахне неяк сабакамі? (Я проста хадзіла ў падобныя, толькі з катамі, і там смярдзела)».

«Якія ж яны мілыя!»

«А чаму ўзялі толькі пародзістых сабак, а не з прытулку звычайных дварнякоў, напрыклад?»

«Чакаю сасісачную з таксамі. Буду пастаянным кліентам».

Працуе кавярня на адрасе вул. Свярдлова, 19 штодня з 11:00 да 22:00. Мяркуючы з адказаў у каментарах, хоць біглі і не жывуць у кавярні, але знаходзяцца тут большую частку дня.

Апошнія навіны