Прэзідэнт Славакіі адхіліў усе запыты грамадзянаў далучыцца да УСУ
- 4.11.2024, 21:03
Петэр Пелегрыні атрымаў чатыры запыты ад грамадзянаў Славакіі.
Прэзідэнт Славакіі Петэр Пелегрыні адхіліў усе просьбы грамадзянаў краіны далучыцца да ўкраінскага войска для ўдзелу ў вайне з Расеяй. З моманту ўступлення на пасаду ён афіцыйна атрымаў чатыры такія запыты.
Пра гэта паведамляе TASR.
Як паведамляецца, адзін з запытаў быў пададзены грамадзянінам Славакіі падчас паўнамоцтваў былой прэзідэнткі Зузаны Чапутавай, але ягоны лёс вызначыў толькі цяперашні кіраўнік дзяржавы.
«Калі грамадзяне Славакіі хочуць легальна ўдзельнічаць у баявых дзеяннях на баку ўкраінскага войска, яны павінны загадзя папрасіць у прэзідэнта краіны дазвол служыць ва ўзброеных сілах іншай дзяржавы», – растлумачылі ў канцылярыі славацкага прэзідэнта.
Там таксама адзначылі, што калі грамадзяне Славакіі далучацца да УСУ без указанага дазволу, ім пагражае крымінальны пераслед.