BE RU EN

Іран рыхтуе ў Маскве непрыемны «сюрпрыз»

  • 5.11.2024, 15:42

Расею чакае падзенне коштаў нафты.

У Расеі на гарызонце сур'ёзныя праблемы праз рызыку падзення коштаў нафты. Іран прыняў пастанову ў тэрміновым парадку нарасціць вытворчасць нафты на 250 000 барэляў за дзень, што нанясе новы ўдар па сусветных цэнах, апусціўшы іх яшчэ ніжэй.

Аб гэтым паведамляе інфармацыйнае агенцтва Reuters са спасылкай на заявы ўрада краіны.

Першы віцэ-прэзідэнт Ірана Махамад Рэза Арэф адзначыў, што гэта мае вызначальнае значэнне для падтрымкі іранскай эканомікі ў бягучых умовах. На гэты момант Іран вырабляе 3,2 млн барэляў за дзень. Пастанова Ірана, магчыма, звязаная са зменамі ў палітыцы Савудаўскай Арабіі. Каралеўства мае намер адмовіцца ці, прынамсі, значна скарэктаваць свой удзел у пагадненні OPEC+ у бок спынення далейшага скарачэння здабычы нафты.

Разам гэтыя дзеянні могуць абрынуць цэны на нафту ніжэй за 60 даляраў за барэль, што стане цяжкім ударам для Расеі.

Расейскі эканамічны аналітык Анатоль Несміян падкрэслівае, што Савудаўская Арабія як ключавы ўдзельнік угоды добраахвотна скарачала здабычу, каб кампенсаваць нядобрасумленнае выкананне пагаднення шэрагам краін-падпісантаў, уключаючы Расею.

Аднак гэта стала занадта цяжкім цяжарам для бюджэту краіны, а сама ўгода практычна перастала выконваць сваю функцыю, бо ЗША і іншыя вытворцы проста займалі тыя аб'ёмы, якія "вызвалялі" краіны OPEC+.

Са снежня Савудаўская Арабія пачне павялічваць здабычу і экспарт, пераходзячы да новай стратэгіі: перастаць падтрымліваць цану нафты і кампенсаваць даходы, якія выпалі, за кошт росту дзелі на рынку. Гэта прывядзе да зніжэння коштаў нафты ў сярэднетэрміновай перспектыве.

“Больш за ўсё зазнаюць краіны-выгнанкі, такія як Іран, Расея, Венесуэла, Лібія, а таксама краіны з недастатковым тэхналагічным узроўнем, да якіх можна залічыць, напрыклад, Нігерыю. Для іх падзенне кошту будзе мець цяжкія наступствы. У Расеі амаль не засталося радовішчаў з лёгкаатрымальнай нафтай, а для цяжкіх радовішчаў надыходзіць тэхналагічная мяжа — без замежнай дапамогі здабываць нафту на моцна абводненых і знясіленых радовішчах становіцца ўсё цяжэй, таму нарошчваць здабычу і экспарт ва ўмовах санкцый будзе альбо вельмі няпроста, альбо немагчыма”, - падкрэслівае экспэрт.

У Іране падобная сітуацыя з санкцыямі і тэхналагічнай адсталасцю, але пакуль яшчэ адносна даступныя для здабычы радовішчы, таму іранцы маюць намер прэвентыўна павялічыць здабычу, разлічваючы сінхранізаваць свае дзеянні з савудытамі і не дазволіць ім захапіць іранскую дзель на рынку.

Мяркуючы з усяго, падзенне коштаў нафты ўжо ўлічанае ў планах, і зараз вытворцы будуць зыходзіць з гэтай новай сітуацыі, дадае Несміян.

Апошнія навіны